З юбілеем, першы старшыня!

Днямі ветэран працы, першы старшыня жаночай арганізацыі Шчучыншчыны Ядвіга Уладзіміраўна Белаводская, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню навуцы, адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Павіншаваць паважаную жанчыну з Днём нараджэння прыйшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры, і па справах моладзі райвыканкама, намеснік старшыні раённай арганізацыі БСЖ Таццяна Васільеўна Ганчарук, старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, а таксама былыя калегі і сябры. Я.У. Белаводская сустрэла нас на парозе сваёй утульнай кватэры – вясёлая, бадзёрая, па-святочнаму прыбраная, яна выглядала значна маладзей за свой узрост.

– Вы зрабілі важкі ўнёсак у развіццё рэгіянальнай навукі і карыстаецеся заслужаным аўтарытэтам сярод былых калег, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Васільеўна Ганчарук. – Таксама прымаеце ўдзел у патрыятычным выхаванні маладога пакалення шчучынцаў. Дзякуй вам за неабыякавасць, актыўную грамадскую пазіцыю і значную працу у развіцці жаночага руху на Шчучыншчыне!

Цёплыя словы ў адрас юбіляршы выказаў і старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч:

– З Ядвігай Уладзіміраўнай я сябрую не адзін дзясятак гадоў і ведаю яе як высокакваліфікаванага спецыяліста, добразычлівага чалавека і сапраўднага сябра. Заставайцеся такой жа бадзёрай і жыццярадаснай, працягвайце радаваць нас сваёй вясёлай і абаяльнай усмешкай!

Ва ўрачыстай абстаноўцы Таццяна Васільеўна Ганчарук і Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч уручылі юбіляршы кветкі і Ганаровую грамату райвыканкама.

Не з пустымі рукамі завіталі да Я.У. Белаводскай і былыя калегі, якія шчыра павіншавалі жанчыну з Днём нараджэння і пажадалі моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Расчуленая пачутым, Ядвіга Уладзіміраўна гасцінна ўсадзіла дарагіх гасцей за стол і пачаставала тортам з гарбатай.

– Усё сваё жыццё я прысвяціла навуцы, – гаворыць віноўніца ўрачыстасці. – Пачынала сваю працоўную кар’еру малодшым навуковым супрацоўнікам у апорным пункце інстытута жывёлагадоўлі ў Гірдзеўцы. Там жа абараніла навуковую дысертацыю. Затым перавялася ў занальны інстытут раслінаводства, дзе спачатку была патэнтазнаўцам, а потым мяне назначылі намеснікам дырэктара па навуковай рабоце. На гэтай пасадзе я добрасумленна прапрацавала 32 гады. Зараз знаходжуся на заслужаным адпачынку, аднак былыя калегі не забываюць пра мяне, часта завітваюць у госці. І кожная такая сустрэча дорыць мне вялікі зарад бадзёрасці і аптымізму. Падтрымліваць сябе ў форме таксама дапамагае скандынаўская хадзьба, якой актыўна займаюся. А яшчэ ў вольны час люблю чытаць “Дзянніцу”, якая сёлета, як і я, адзначае свой 80-гадовы юбілей. З раёнкай мяне звязваюць даўнія адносіны: не раз публікавала на яе старонках свае навуковыя артыкулы. Сёння жа дзякуючы роднай газеце ведаю аб усім, што адбываецца ў раёне. І вельмі радуюся, што Шчучыншчына дынамічна развівацца. Як кажуць, дзе рух – там і жыццё! 

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *