Ветэран Вялікай Айчыннай вайны М.Р. Клачкова адзначыла свой 95-гадовы юбілей

Сёлетні год багаты на знакавыя падзеі: 80-гадовы юбілей раёна, 75-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Асабістыя юбілеі адзначаць і нашы паважаныя ветэраны: В.Л. Квач, А.П. Сямёнава і М.Р. Клачкова. Марыя Рыгораўна першая, хто прымаў віншаванні з Днём нараджэння. Другога лютага ёй споўнілася 95 гадоў!  З кветкамі, падарункамі і ўзнагародай да ветэрана завіталі намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта, старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, дырэктар ТЦСАН, старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Уладзіміраўна Шанчук і член ветэранскай арганізацыі Васілій Сяргеевіч Жукоўскі. Да віншаванняў у гэты дзень далучыўся і дырэктар Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Вануш Рубікавіч Навасардзян.
Госці выказалі ўдзячнасць за мір і незалежнасць роднай зямлі, пажадалі ветэрану моцнага здароўя, спакою і дабрабыту.

Марыя Рыгораўна Клачкова расчулілася. Нягледзячы на свой ўзрост, яна трымаецца малайцом. Вялікая заслуга ў гэтым родных людзей, якія кожны дзень знаходзяцца побач. Не пакідаюць без увагі ветэрана ўнучка Кацярына і праўнукі Улад і Вікторыя. Іх поспехі і дасягненні – не горшыя за лепшыя лекі.

У дзень свайго нараджэння Марыя Рыгораўна з задавальненнем фатаграфавалася з прыгожым святочным тортам і кветкамі, дзялілася ўспамінамі пра трывожнае юнацтва і маладосць, распавядала пра суровыя выпрабаванні, што выпалі на яе долю ў гады Вялікай Айчыннай, калі яна была санітаркай на фронце.

Дзякуючы гераічным стойкасці і мужнасці нашых ветэранаў мы жывём пад мірным небам. І сёння яны памятаюць усё з першых дзён вайны і да таго самага пераможнага мая… Цяпер наш час аддзячыць за мір і спакой клопатам і ўвагай. Здароўя Вам моцнага, Марыя Рыгораўна!

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *