Алея, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі, з’явілася на Астравеччыне

Тэрыторыя каля Варонскага дома культуры з раніцы ў суботу напоўнілася людзьмі. Пасадзіць дрэва ў рамках рэспубліканскага суботніка  і пакінуць памяць аб сабе ў гісторыі раёна вырашылі прадстаўнікі раённых арганізацый “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь”,  “БРСМ”. 

– Гэты год юбілейны для нашай краіны і нашага раёна. Мы шануем памяць пра тых людзей, якія змагаліся за мірнае неба, за нашу свабоду і незалежнасць, таму сёння ў Вароне заклалі алею грамадскіх аб’яднанняў, – расказала старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”. – Падтрымала нас і мясцовае насельніцтва – і мы спадзяёмся, што яны зберагуць гэтую алею для будучых пакаленняў.

З задавальненнем у пасадцы дрэў прынялі ўдзел і ўсе неабыякавыя людзі. Сярод іх – жыхарка Вароны, настаўніца мясцовай школы, член арганізацыі  Галіна Статкевіч.

– Мы рады, што наш парк аднавіўся. Тут прыемна будзе прагуляцца маладым матулям з дзецьмі. Думаю, што сённяшні дзень стане пачаткам па добраўпарадкаванні гэтай тэрыторыі. З часам мы разаб’ем тут клумбы, пасадзім кветкі, хацелася б, каб размясцілася і дзіцячая пляцоўка, – гаворыць Галіна Юльянаўна. – Мы знаходзімся на міжнароднай дарозе – і ўсе, хто тут праязджае, змогуць палюбавацца чысціней і добраўпарадкаванасцю нашай роднай вёскі.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *