Дабрыня лечыць адзіноту

img_6162Напярэдадні Дня пажылых людзей, які ў нашай краіне адзначаецца 1 кастрычніка, старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, лідар Астравецкай раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Наталля Баніцэвіч, а таксама актывісты гэтай арганізацыі, педагогі і выхаванцы Варнянскага сацыяльнага прытулку накіраваліся ў Міхалішкаўскую ўчастковую бальніцу, каб сустрэцца з людзьмі, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках у аддзяленні сястрынскага догляду.

img_6038Падобныя сустрэчы ўжо сталі добрай традыцыяй: штогод актывісты раённага Савета дэпутатаў, жаночай арганізацыі, і ўсе нераўнадушныя людзі наведваюць сталых людзей, якія па нейкіх прычынах вымушаны праводзіць свае дні ў аддзяленні сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы. Многія з іх знаходзяцца тут не адзін год і з’яўляюцца «старажыламі» – яны змірыліся з такім раскладам падзей і не хочуць нікуды вяртацца. Ёсць і такія, якія сюды трапілі нядаўна і ўсё яшчэ вераць, што не сёння, дык заўтра вернуцца ў родныя сцены…

Можна доўга разважаць на тэмы этыкі і маралі, шукаць апраўданне ці, наадварот, абвінавачваць лёс і тых, з-за каго гэтыя людзі апынуліся тут – толькі разумееш, што гэта нічога не зменіць. Наадварот, аддзяленне сястрынскага догляду, санітаркі, медыцынскія сёстры, урачы, якія тут працуюць, не аднаму свайму «пацыенту» прадоўжылі жыццё.

Па тварах гасцей аддзялення і тых, хто знаходзіцца тут пастаянна, час ад часу коцяцца слёзы. Толькі ў першых гэта слёзы адчаю, а ў другіх – радасці, ад магчымасці паразмаўляць, падзяліцца набалелым і сказаць: «Дзякуй, што прыехалі!» і «Прыязджайце яшчэ!».

img_6151

 Жанчыны перадавалі старым падарункі, дзеці расказвалі вершы, дарылі паштоўкі і частавалі цукеркамі. І кожны разумеў, што такія сустрэчы патрэбны не толькі тым, хто воляй лёсу трапіў у аддзяленне, але і ўсім нам.

Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *