«Дзень дуба» ў Астраўцы

У мінулую суботу ў Астраўцы з вялікім размахам прайшло шырока анансаванае свята «Дзень дуба». Нягледзячы на гарачую асеннюю пару, на грыбную ды бульбяную ліхаманку, якой зараз «хварэе» ўвесь раён, у ім прынялі ўдзел усе арганізацыі і ўстановы раёна – ад школ і дзіцячых садкоў да сельгаспрадпрыемстваў. Не засталіся ў старане і члены Астравецкай раённай арганізацыі “Беларускі аюз жанчын”.

І кожны на гэтым свяце знайшоў сабе забаву для душы.

Бадай што самай знакавай падзеяй свята «Дзень дуба» стала пасадка новай дубравы непадалёк ад Астраўца, на беразе Янаўскага водасховішча. Клапатлівыя лясгасаўцы падрыхтавалі аднагадовыя сеянцы дуба: многія з кволых парасткаў, выпусціўшы чатыры-пяць лісточкаў, яшчэ трымаліся карэньчыкамі за мамку-жолуд…

Кіраўніцтва раёна – старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігар Яраслававіч Шалудзін і раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, іх намеснікі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адам Дзмітрыевіч Кавалька, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый – савета ветэранаў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, «Белай Русі», Беларускага саюза жанчын, спартыўны гонар Астравеччыны – удзельнік Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра Аляксандр Ляховіч і яго жонка Людміла, пераможца Мінскага паўмарафону – пад кіраўніцтвам вопытных работнікаў лясгаса пасадзілі больш сотні маладых дубкоў.

Хай растуць і набіраюцца моцы – і праз гады нечые дзеці, унукі ці праўнукі прыйдуць сюды паслухаць шэпт магутных дрэў.

Урачыстую частку свята, якая распачалася ў амфітэатры лесапаркавай зоны, адкрыў старшыня райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін.У сваім выступленні ён нагадаў не толькі пра дубы – помнікі прыроды, якія растуць на тэрыторыі Астравеччыны, але і пра аспект, якія стаў вызначальным для абрання сімвала свята: на гербе Астраўца, зацверджаным дзесяць гадоў назад, цэнтральнае месца займае волат-дуб – сімвал моцы, трываласці, высакароднасці, славы.

– Сімвалічна, што Дзень дуба мы адзначаем напярэдадні прафесійнага свята работнікаў лесу, якія захоўваюць нашы прыродныя багацці: сёння хочацца выказаць лесаводам асаблівыя віншаванні і пажадаць новых поспехаў і дасягненняў у іх высакароднай справе, – сказаў Ігар Яраслававіч.

– Упэўнены, што свята гэтае стане традыцыйным і будзе радаваць жыхароў нашага раёна кожны год, – выказаў спадзяванне кіраўнік раёна.

Канцэртная праграма, якая прадоўжыла свята, распачалася своеасаблівым гімнам дубу, які напісаў астравецкі кампазітар Аляксандр Якіменка на словы Таісы Сямёнавай і Наталлі Літвін, у выканнані хора ветэранаў і народнага ансамбля «Світанак» – яго словы «І ў вёсцы, і ў горадзе, і на гербе дуб расце» сталі лейтматывам усяго свята. А затым гледачы даведаліся шмат цікавай пазнавальнай інфармацыі пра героя свята – дуб, а таксама пачулі многа песень, танцаў, вершаў: у гэты дзень была магчымасць раскрыць свае таленты ўсім жадаючым.

Падрабязную інфармацыю пра свята чытайце на сайце http://www.ostrovets.by/news/novosti/news13920.html.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *