Героям вайны паклонімся нізка

Блакада Ленінграда – адна з самых трагічных старонак у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна доўжылася каля 900 страшных дзён – з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года. Наша зямлячка – Вера Мікалаеўна Кузьміна – адна з тых, хто не па чутках ведае пра тую трагедыю. Зусім маленькаю засталася Вера Мікалаеўна сіратою. Ёй было толькі чатыры гадкі, калі ў блакадным Ленінградзе ад голаду памерла яе мама. Тата ваяваў на фронце, да гэтай пары лічыцца прапаўшым без вестак. І ў 1942 годзе Веру з сястрычкай вывезлі ў дзіцячы дом у Яраслаўлі. 

У Яраслаўлі Вера Мікалаеўна “на выдатна” закончыла рамеснае вучылішча. Дзяўчыне прапаноўвалі застацца працаваць на заводзе. Але яна разам з іншай моладдзю накіравалася асвойваць цалінныя землі. Туды ж паехала і сястра. Менавіта там дзяўчаты знайшлі свае палавінкі. Так атрымалася, што сястра Веры са сваім мужам прыехалі жыць на Шчучыншчыну і пастаянна клікалі сюды Веру з сям’ёй, у якой на той час было ўжо трое дзяцей – сынок і дзве дачушкі. Нарэшце Кузьміны прыняла рашэнне аб пераездзе.

Жылі, расцілі дзяцей. Каля дваццаці год Вера Мікалаеўна адпрацавала на Шчучынскім заводзе “Аўтапровад”. Яе муж пайшоў з жыцця дзесяць год таму. Сёння сваю любімую матулю апякаюць дзеці. І ў дзень нашага візіту разам з ёю была дачка Ірына Валянцінаўна Альшэўская.

– Мы яе вельмі любім і шкадуем, – гаворыць Ірына Валянцінаўна. – Мама пражыла цяжкае жыццё, рана страціўшы бацькоў, змяніла не адзін дзіцячы дом. І цяпер, у такім паважаным узросце, наш святы абавязак даглядаць і клапаціцца пра яе.

Ганна РУДСКАЯ. Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *