Гордость за страну

Вялікая група прадстаўнікоў органаў мясцовай улады Астравеччыны і лідары жаночай арганізацыі на мінулым тыдні пабывалі ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці і ў Палацы Незалежнасці.

…Пазней, калі ўжо вярталіся дамоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Ірына Эдуардаўна Тальчук выказала бадай што агульную думку ўсіх удзельнікаў гэтай надзвычай насычанай экскурсіі:

-Галоўнае пачуццё, якое перапаўняе зараз душу, — гонар за сваю Айчыну і яе Прэзідэнта.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Вельмі добра, што экскурсія ў сталіцу пачалася з Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Сучаснай – бо беларуская дзяржаўнасць адлічвае сваю гісторыю з часоў Вялікага княства Літоўскага. А навейшая гісторыя – з 1990 года, прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. І многія са старэйшых  удзельнікаў экскурсіі памятаюць не толькі пустыя паліцы магазінаў – іх, на жаль, у музеі не выставіш, а і тыя папяровыя купоны, якімі разлічваліся ў крамах, візітныя картачкі пакупніка – асобна на мужчынскі, жаночы і дзіцячы асартымент, у адпаведнасці з якімі можна было купіць толькі вызначаную колькасць мужчынскіх шкарпэтак ці жаночых калготак – вядома, пры ўмове, што іх у нейкім магазіне “выкінуць у продаж”. Маладзейшым калегам бачыць гэтыя экспанаты і слухаць сваіх старэйшых калег было дзікавата: няўжо ўсё гэта “мела месца быць”?

І ад гэтых самых першых крокаў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, праз першыя прэзідэнцкія выбары, развал і разруху, наша дзяржава прыйшла да сённяшніх дасягненняў: выпуску самай сучаснай тэхнікі, запуску свайго касмічнага апарата, высокатэхналагічных прарываў у медыцыне і іншых галінах. Асабістыя рэчы касманаўта Алега Навіцкага і беларускі дзяржаўны сцяг, які ён браў з сабой у космас і віншаваў з ім беларускі народ з галоўнымі святамі; ракеткі, з якімі тэнісістка Вікторыя Азаранка дабілася звання першай ракеткі свету; касцюм, у якім заваявала свой першы медаль біятланістка Дар’я Домрачава; беларускія рапс і пшаніца, футры і нафта, эксклюзіўныя прыборы і тэхналогіі – пераходзячы з адной залы ў другую, астраўчане перапаўняліся пачуццём гонару за сваю краіну.

Але самыя моцныя ўражанні ўсіх чакалі ў Палацы Незалежнасці, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Усе, каму даводзілася бываць на праспекце Пераможцаў у сталіцы, звярталі ўвагу на гэты масіўны “кубік” са шкла і бетону. Некаторым пашчасціла пабываць тут на цырымоніі ўзнагароджання, падчас прызначэння на адказныя пасады, ці, падчас прэс-канферэнцый Прэзідэнта. Але ўбачыць Палац Незалежнасці ва ўсёй яго красе і велічы, напэўна, можна толькі падчас такіх вось экскурсій, якая прайшла дзякуючы старшыні Астравецкай раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Наталлі Баніцэвіч.

Так сталася, што наша краіна не можа пахваліцца старажытнымі замкамі і палацамі – нават тыя, што засталіся ад колішніх магнатаў, не вытрымалі выпрабавання часам, войнамі, вандаламі. Але сучасны Палац Незалежнасці ў Мінску, пабудаваны ўсяго за 30 месяцаў замест запланаваных 57, можа паспаборнічаць з многімі сваімі шматвекавымі сабратамі, раскіданымі па свеце – у адначасовай сціпласці знешніх форм — і велічы ўнутранага ўбранства, нацыянальнай самабытнасці, якой прасякнута ўся прастора, ад лесвіц да шматлікіх залаў і калідораў – і высокамастацкай адметнасці кожнага з іх, высокай тэхналагічнасці абсталявання – і гістарычнай і нацыянальнай самабытнасці.  Калі праходзіш па залах, дзе адбываліся гістарычныя перамовы нармандскай чацвёркі па украінскім пытанні; наспная прэс-канферэнцыя; калі чуеш, што “слуцкую залу асабліва любіць Уладзімір Пуцін”, а сціплую вытанчанасць залы для перамоў па вартасці ацаніла Ангела Меркель; уяўляеш, якой важнасці перамовы праходзяць у кожнай са шматлікіх залаў; узгадваеш па тэлевізійнай карцінцы з навагоднім зваротам Кіраўніка дзяржавы да беларускага народа утульны адасоблены куточак; любуешся прыгажосцю і веліччу сімвалічных кампазіцый Нёмана і Прыпяці ў зімнім садзе; разглядваеш гістарычныя фотаздымкі – сярод якіх, дарэчы, і фота з закладкай капсулы з пасланнем нашчадкам на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС; ацэньваеш глыбокі сімвалізм падарункаў, зробленых Прэзідэнту падчас яго афіцыйных візітаў у іншыя краіны, — адчуваеш не толькі эстэтычнае захапленне, не толькі хвалюючае пачуццё прыдачынення да сучаснасці і гісторыі сваёй краіны, але і той самы гонар за сваю Айчыну, пра які гаварыла Ірына Эдуардаўна Тальчук.

Практычна ўсё ў Палацы Незалежнасці зроблена рукамі беларусаў і на беларускіх прадпрыемствах: мэбля – вытворчасці Пінскай, Бабруйскай, Маладзечанскай фабрык, незвычайнай прыгажосці люстры і бра “родам” з Лідскага прадпрыемства “Каскад”, дываны нараджаліся на камбінатах у Віцебску і Брэсце. Беларускай вытворчасці вогнеупорныя шумапаглынаючыя — і пры гэтым лёгкія, як подых ветру, шторы; унікальны дах зімовага саду, які выконвае функцыю абагрэву – не кажучы ўжо пра высокамастацкае аздабленне беларускімі майстрамі больш як 60 асноўных залаў, а таксама шматлікіх фае, пераходаў, галерэй.

Ці патрэбны дзяржаве падобны Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці і Палац Незалежнасці? Кожны з удзельнікаў той вандроўкі быў адназначны: так, трэба! Бо гэта – яркая наглядная дэманстрацыя таго шляху, які прайшла наша дзяржава і тых вынікаў, якіх яна дасягнула.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *