Іван ды Мар’я…

Яна прыняла іх у свае калюча-крывавыя абдымкі, зрабіўшы мары і жаданні вельмі прыземленымі. Яна навучыла іх любіць Радзіму. Яна не песціла іх, не суцяшала, не давала настаўленняў, не распытвала пра самаадчуванне, не цікавілася захапленнямі: выхоўвала жорстка, бізуном, а не пенікам. І толькі аднойчы зрабіла ім падарунак – але самы дарагі з магчымых: захавала жыццё.

Яна – вайна,  яны – два падлеткі, а пазней — муж і жонка Іван і Марыя Мельнікавы.

Яго гартавала вайна

Іван Сцяпанавіч Мельнікаў нарадзіўся ў вёсцы Серабранка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці 15 лютага 1925 года.

У 1940 годзе скончыў 9 класаў Свержаньскай сярэдняй школы, у 1941 годзе — дзевяцімесячныя курсы пры Гомельскім педагагічным тэхнікуме. Пачатак самастойнаму жыццю пакладзены – ідзі, будуй сваю будучыню.

Але ўсе планы, мары і спадзяванні перакрэсліла вайна. Яна ўварвалася, як віхор, у жыццё 16-гадовага Івана.

— Калі ў іх вёску прыйшлі немцы, дзяцей закрылі ў школе, — — узгадвае  нешматлікія ўспаміны пра ваенны час свайго бацькі Івана Сцяпанавіча, былога супрацоўніка “Астравецкай праўды”, Юрый Іванавіч Мельнікаў, — Але бацька з сябрам здолеў уцячы праз акно. Узяў у хаце каня і падаўся ў лес да партызанаў. Калі прыходзілася хавацца ад немцаў, — сядзелі ў балоце. Адны вытрымлівалі гэта выпрабаванне, а іншыя гінулі…

          У сакавіку 1943 года Іван Мельнікаў стаў падрыўніком партызанскага атрада імя Сталіна №256, брыгада №10. Калі Гомельшчыну ў 1943 годзе вызвалілі ад акупантаў, юны партызан пайшоў на фронт. Ваенны білет сведчыць, што са жніўня 1943 па жнівень 1944 года  Іван Сцяпанавіч з’яўляўся  камандзірам мінамётнага разліку на I-м Беларускім фронце.

Год баёў, атак, адступленняў – і новых наспленняў… Год смерць хадзіла побач. У жніўні 44-га Іван Сцяпанавіч пакуль у баях на Одэры, дзе палегла нямала нашых салдат, быў паранены: яму ў нагу трапіла разрыўная куля.

Лячыцца франтавіка адправілі ў шпіталь у Крым.

— Асколкі ў назе засталіся на ўсё жыццё, — расказвае ўдава Івана Сцяпанавіча Марыя Іванаўна. – Балела, вядома — але з палачкай ён не хадзіў.

Як і многія ветэраны, Іван Сцяпанавіч не любіў і не хацеў успамінаць той час, які пазбавіў яго юнацтва і заставіў датэрмінова пасталець. І свае ўзнагароды надзяваў толькі па святах.

Пасля вайны, у 1946 годзе, Іван Сцяпанавіч скончыў Харкаўскае ваенна-палітычнае вучылішча, затым — шасцімесячныя курсы партыйна-савецкіх работнікаў пры абкаме КП(б)Б. У 1947 годзе ён стаў працаваць карэктарам ў раённай газеце “Сталінец” Журавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Пазней займаўся камсамольскай, партыйнай работай, быў абраны другім сакратаром Журавіцкага райкама камсамола.

          У 1950 годзе Іван Сцяпанавіч Мельнікаў пераехаў на Гродзеншчыну. Працаваў памочнікам начальніка палітаддзела па камсамолу Якубоўскай МТС Радунскага раёна Гродзенскай вобласці, сакратаром палітаддзельскай газеты, інструктарам РК КПБ.

У 1955 годзе Іван Мельнікаў вяртаецца да журналісцкай справы: у раённай газеце “За Родину” ў Радунскім раёне працуе сакратаром, затым — літработнікам. Калі Радунскі раён у 1963 годзе ліквідавалі, Іван Сцяпанавіч стаў працаваць літработнікам у Воранаўскай газеце “Ленинское знамя” .

Пазней,  у 1965 годзе, па прапанове абласнога кіраўніцтва, Іван Сцяпанавіч Мельнікаў прыехаў у Астравец – і з таго часу да выхаду на пенсію яго жыццё было звязана з “Астравецкай праўдай”: у нашай газеце ён працаваў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, потым — карэспандэнтам-арганізатарам радыёвяшчання.

У 1985 годзе Іван Сцяпанавіч Мельнікаў пайшоў на заслужаны адпачынак.

 

З меткай “чорнай Пасхі”

— Я нарадзілася ў вёсцы Осава – гэта каля Барысава, у 1928 годзе — расказвае Марыя Іванаўна Мельнікава. – Школы ў нашай вёсцы не было – даводзілася хадзіць ажно за 7 кіламетраў…

Марыя Іванаўна пачала размову з успамінаў мірнага даваеннага  часу – і рэзка абарвала гаворку. Хвіліны цішыні. Жанчына, як я потым зразумела, у думках пераскочыла ўсё даваеннае — добрае, светлае, бесклапотнае — і ўзгадала чорную Пасху: ад яе пачаўся адлік жахам, болю, спадзяванням, стратам.

Калі прыйшлі акупанты, людзі сталі хаваць збожжа, бульбу — усё, што маглі, закапвалі ў зямлю. Але немцы без асаблівых намаганняў раскрывалі гэтыя “хітрыкі” – тыкаючы шомпаламі, хутка знаходзілі прыхаванае.

— Мне было 13 гадоў. Партызаны планавалі падрыў чыгункі, — з камяком у горле расказвае Марыя Іванаўна. – І знайшоўся ж іуда, які прадаў іх немцам! Божа! Што пачалося! Дзядзьку майго, які малоў камуністам пшаніцу, расстралялі.

У вёску наехала процьма немцаў – гэта было на другі дзень Вялікадня, які на ўсё жыццё стаў для Марыі і ўсіх вяскоўцаў чорным.

— Меншых дзяцей пасадзілі на падводу, мы з дарослымі пешшу. Усіх пагналі ў камендатуру, — успамінае Марыя Мельнікава. –Адправілі ў лагер у Барысаў. Там запісвалі, хто працаздольны, а хто — не. Мая бабуля запісалася як непрацаздольная – яе адразу ж расстралялі.

— Пражылі ў лагеры паўгода. Вошы, бруд, антысанітарыя! – пасля паўзы працягвае Марыя Іванаўна. – Штодня ганялі на работу: мужчыны пад наглядам немцаў лес валілі, жанчыны і дзеці сукі насілі. Цяжка было працаваць на галодны страўнік. Каб хоць крыху адпачыць, хаваліся ў прыбіральнях – але ж нямецкія сабакі хутка нас знаходзілі, і тады нас білі  бізунамі!

Пасля барысаўскага лагера Марыю, яе сястру і маці вывезлі ў Германію. Яны жылі ў Франкфурце-на-Майне – працавалі на сям’ю заможных немцаў.

— Бацька застаўся ў лагеры, — расказвае жанчына. – Мы працавалі на гаспадарцы: кароўнікі чысцілі, скаціну даглядалі, агароды, маці прала – усё рабілі. Елі адну бручку.

Пасля вызвалення сям’я Марыі вярнулася на радзіму.

У 1946 годзе дзяўчына паступіла ў Барысаўскае медвучылішча. Пасля яго заканчэння яе размеркавалі на Гродзеншчыну, у вёску Забалаць.

— Прыехалі са стрыечнай сястрой. Жылі ўпрогаладзь: раніцай — чай, у абед — чаёк, вечарам — чаішча. Я ўмела жаць, дык зарабіла збожжа. Сталі мы хлеб пекчы – вось тады крыху ад’еліся.

Іван ды Мар’я

Яны пазнаёміліся у Забалаці, дзе Марыя працавала медсястрой у мясцовай бальніцы, а Іван сюды час ад часу наведваўся па рабочых справах. Неўзабаве пажаніліся. У іх нарадзілася трое дзяцей: Людміла, Іна і Юрый.

— Нам у Радуні далі кватэру на два пакойчыкі, — успамінае Марыя Іванаўна Мельнікава. – Я працавала ў бальніцы старшай сястрой і ў дзіцячым садку яшчэ на паўстаўкі. Час быў неспакойны, у лясах яшчэ бандыты хаваліся, Івану нават пісталет выдалі для абароны.

Калі мужу прапанавалі работу ў Астраўцы, ён два гады жыў тут адзін, жонка з дзецьмі прыехалі, калі ім выдзелілі жыллё невялікую кватэрку з пячным ацяпленнем у двухпавярховым доме ў цэнтры горада.

Марыя ўладкавалася на працу медсястрой у Астравецкую бальніцу, працавала ў розных аддзяленнях, перад выхадам на пенсію — у інфекцыйным.

Дзеці павырасталі, стварылі свае сем’і, параз’язджаліся па розных гарадах. Побач застаўся толькі сын.

У 1997 годзе пайшоў з жыцця Іван Сцяпанавіч.

Марыі Іванаўне цяпер 88 гадоў. Узрост і нялёгкае жыццё здароўя не прыбаўляюць, але ж яна трымаецца малайцом: цудоўна выглядае, любіць пажартаваць. Дзякуючы прыроджанаму аптымізму і родным, якія не забываюць Марыю Іванаўну, яна і зараз – у страі!

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *