Кніга яе жыцця

Жыццё маёй прабабулі, Барабан Анастасіі Аляксееўны, як і жыццё многіх яе аднагодкаў, магло б стаць сюжэтам для кнігі або фільма. Цяжкія выпрабаванні з самага дзяцінства, штодзённыя працоўныя подзвігі і дасягненні, радасць мацярынства, любоў унукаў і праўнукаў… І кнігу гэтую можна было б падзяліць на некалькі глаў.

Глава 1. Дзяцінства.

Нарадзілася мая прабабуля, Андрэева (Барабан) Анастасія Аляксееўна, 3 лістапада 1931 года ў вёсцы Корзава Наўгародскай вобласці Расіі. Сям’я была сялянскай. Бацькі працавалі ў калгасе імя VII з’езда Саветаў. Мама, Ганна Яфімаўна, была ільнаводам, бацька, Аляксей Андрэевіч, працаваў скотнікам. У сям’і было яшчэ двое сыноў: старэйшы Васіль і малодшы Іван. Жылі бедна, але дружна. Дзеці з ранняга ўзросту працавалі ў хатняй гаспадарцы. Калі пачалася вайна, бабулі Анастасіі яшчэ не споўнілася і дзесяць гадоў.

Глава 2. Ваенныя выпрабаванні.

У першыя ж месяцы вайны родная вёска Андрэевых была занята фашыстамі. Бацька амаль адразу пайшоў на фронт. З вайны ён не вярнуўся, быў забіты і пахаваны на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў вёсцы Мяжа.  Жыццём тых, хто застаўся ў вёсцы, акупанты распараджаліся па-свойму. Вось і сям’ю маёй прабабулі спачатку вывезлі ў Порхаўскі раён Пскоўскай вобласці, а потым – у Латвію. Тут яны апынуліся ў буйнай гаспадарцы, уладарамі якой былі Міхаіл і Марыя. Уладанне было значным: шмат зямлі, шаснаццаць кароў, трыццаць свіней, авечкі. Была тут і малатарня. Уся сям’я прабабулі працавала на гаспадароў: маці даіла кароў, старэйшы брат Васіль дапамагаў па гаспадары. Анастасія ж пасвіла кароў. Для дзясяцігадовай дзяўчынкі праца была непасільнай: патрэбна было рана ўстаць і да цямна сачыць за жывёлай. Маленькая Насця недасыпала, часта плакала. Добра, што мама і браты былі побач. І гаспадыня не была злоснай. Бывала, што пакідала Насцю дапамагаць па дому. Гаспадары добра адносіліся да сваіх працаўнікоў, добра кармілі, запрашалі за свой стол. Так сям’я пражыла да 1944 года.

Па загаду нямецкіх улад у 1944 годзе сям’ю Андрэевых перапраўляюць у Германію. Шлях да новага месца ляжаў праз Балтыйскае мора. Шмат цяжкасцей і тут напаткала сям’ю. Толькі марскія міны двойчы спынялі карабль. На шчасце, экіпажу ўдавалася іх абясшкодзіць.

Нарэшце Андрэевы з іншымі остарбайтэрамі прыбылі ў горад Штольп. У той час гэта была тэрыторыя Усходняй Прусіі, а сёння гэта польскі горад Слупск. Прабабулю, яе маму і братоў размясцілі ў будынку школы. Тут яны правялі некаторы час без працы і амаль без ежы. Нямецкія школьнікі калі-нікалі аддавалі ім свае абеды, але часцей Анастасіі і Васілю прыходзілася хадзіць па хатах і жабраваць. Праз некаторы час сям’ю перавялі ў лагер. Гэта быў Außenarbeitslager Stolp (Адкрыты Працоўны лагер Столп), які з’яўляўся адным з сарака падлагераў канцэнтрацыйнага лагера Stutthof (Штутхоф). Ён быў падзелены на дзве часткі: з аднаго боку жылі рускія, з другога – палякі. Усе размяшчаліся ў бараках. Дарослыя працавалі, а дзеці ўвесь час праводзілі ў лагеры. З людзьмі ў працоўным лагеры абыходзіліся дрэнна: голад, фізічныя пакаранні, цяжкая праца, псіхалагічны ціск. Шмат зняволеных было забіта немцамі. Помнік ахвярам нацызму цяпер размешчаны ў Слупску. На шчасце, маім родным удалося выжыць.

Глава 3. Вызваленне.

Вызваленне прыйшло ў сакавіку 1945 года ад савецкіх салдат. 9 сакавіка 1945 года ў ходзе Усходне — Памеранскай аперацыі горад Штольп быў вызвалены ад фашыстаў, вязні працоўнага лагера сталі свабоднымі. Усе вызваленыя былі адпраўлены ў рассылачны пункт у горадзе Гродна, які размяшчаўся ў раёне сённяшняга аўтавакзала. Перанесеныя выпрабаванні падарвалі здароўе маёй прабабулі. Яна захварэла тыфам. Шмат часу Анастасія правяла ў гродзенскай інфекцыйнай бальніцы. Мама і брат былі побач. Неўзабаве ў рассылачным пункце з’явіўся дырэктар саўгаса “Шлях да камунізму”, што размяшчаўся ў Свіслачы ў 25 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка была маладой, ёй патрабаваліся рабочыя рукі. Сям’я Андрэевых вырашыла згадзіцца на прапанову дырэктара саўгаса Мурашова і пераехала ў саўгас “Свіслач”. Яны атрымалі дом у вёсцы Рудавіцы. Пачалося мірнае жыццё.

Глава 4. Пасля вайны

Жыццё ў Свіслачы для чатырнаццацігадовай Насці пачалося са школы, у якую яна хадзіла два гады. А потым мая прабабуля стала даяркай на саўгаснай ферме. Працавала яна і цялятніцай, і паляводам. Выконвала любую неабходную саўгасу работу. Праца была цяжкай. Усё выконвалі ўручную: чатыры разы на дзень даілі кароў, разносілі корм жывёлам. Для ўсіх жыхароў Свіслачы пасляваенны час быў вельмі цяжкім. Але людзі радаваліся мірнаму жыццю: плённа працавалі, адзначалі разам святы, моладзь хадзіла на танцы. Ствараліся новыя сем’і. У 1949 годзе выйшла замуж і мая прабабуля. Яе мужам стаў Барабан Яўген Сцяпанавіч, трактарыст саўгаса “Свіслач”.

Глава 5. Усё жыццё – праца.

Трыццаць шэсць гадоў Барабан Анастасія Аляксееўна працавала на ферме саўгаса “Свіслач”. Яе муж больш за сорак гадоў быў трактарыстам, працаваў конюхам і паляводам. За сваю плённую працу прабабуля была ўзнагароджана ў 1987 годзе медалём “Ветэран працы”.

У сям’і Барабан нарадзілася чацвёра дзяцей: тры дачкі і сын. Сёння няма ўжо ў жывых мужа і двух бабуліных дачок. Але ёсць восем унукаў і трынаццаць праўнукаў. Бабуля Анастасія жыве адна. Але мы, унукі і праўнукі, часта яе наведваем.

Не забываецца і ваенны лёс Анастасіі Аляксееўны. У 1995 годзе яна атрымала Пасведчанне непаўналетнега вязня канцлагера. У 2005 годзе Барабан Анастасіі Аляксееўне быў уручаны Памятны знак “Вязню нацызма”. У 2012 годзе гісторыя маёй прабабулі была размешчана ў кнізе “Рэха вайны — у дзіцячых сэрцах”, выдадзенай Гродзенскай раённай жаночай арганізацыяй “Надзея”.

Я ўдзячна маёй прабабулі за добры і пяшчотны характар, за тое, што, негледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, яна не страціла аптымізм і ўменне радавацца жыццю, за прыклад, якім можа служыць яе лёс.

Вайна пакінула глыбокі адбітак у жыцці многіх нашых землякоў. Толькі са Свіслачы і навакольных вёсак было вывезена ў рабства сорак дзевяць чалавек. І гады, праведзеныя імі ў цяжкай працы на чужыне, ніколі не знікнуць з памяці.

За сваю плённую працу прабабуля была ўзнагароджана ў 1987 годзе медалём “Ветэран працы”

 

Барабан Анастасія Аляксееўна
з дачкой Верай, маёй бабуляй
Барабан Анастасія Аляксееўна 2017 год

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *