Любоў і жыццё — Любоў Пералехава

lyubou-yaumenauna-peralehavaВось у каго варта павучыцца аптымізму, стойкасці і мудрасці. На жыццёвым календары гэтай жанчыны – 94-ая восень. Але гледзячы на яе, зграбную, рухавую, з агеньчыкам у вачах, міжволі задаешся пытаннем – ці не пераблытана лічба?

– Ды не, столькі ёсць, – пацвярджае  Любоў Яўменаўна Пералехава і какетліва папраўляе каўнерык сваёй прыгожай сукенкі. Яе гумар і манеры проста бяруць у палон. Слухаць жанчыну цікава. Ад жартаў —  смех да слёз, ад аповяда пра жыццё – мароз па скуры. І нібы ва ўнісон з маім маўклівым пытаннем прагучала яе пытанне-развага: “Як толькі змагла ўсё перажыць? Адкуль сілы браліся – не ведаю…”

Любоў Яўменаўна Пералехава – вядомы і паважаны чалавек у горадзе. Яе запрашаюць на мітынгі і сходы, на сустрэчы з моладдзю. Блакадніца… Гэтая кароткая характарыстыка пра многае гаворыць, як і ваенныя ўзнагароды, сярод якіх ёсць медаль “За баявыя заслугі”. Але сама Любоў Яўменаўна не любіць выступаць і расказваць пра блакадны Ленінград. Цяпер я разумею – чаму. Ад гэтых успамінаў стыне кроў. Аднаўляюцца ў памяці жанчыны страшныя, жудасныя эпізоды. Асабліва страшна ёй становіцца па начах…

– Не паверыце, іншы раз прачынаюся ад віску сабак, якіх лавілі на вуліцах Ленінграда… Не стала ў горадзе ні катоў, ні сабак, усіх з’елі…

Слухаючы расказ Любові Яўменаўны, уражваюся, колькі нягод выпала на яе долю. Жыццё нібы выпрабоўвала яе на трываласць. Да вайны хапіла ўсяго, дык не – атрымай спаўна. Але Любоў не здалася, усё вытрымала. Можа імя ёй дапамагала выжываць. Любоў – слова асаблівае, жыццесцвярджальнае.

– Характар у мяне яшчэ той, – зазначае Любоў Яўменаўна, – ганарысты, непакорлівы. Я яго яшчэ ў дванаццаць год прадэманстравала. Збегла з дзіцячага дома, дзе мяне ўвесь час прыніжалі. За кавалак селядца і лусту хлеба працаваць даводзілася як катаржнай. Не магла я такога больш выносіць. Я ўжо нічога не баялася, пайшла ў белы свет – ці выжыву, ці загіну…

Родам Пералехава са Смаленшчыны. Яе родны куток – сяло Пушкіна, што ў Сафонаўскім раёне. Люба рана засталася без бацькоў. Маму ўвогуле не памятае, а вобраз бацькі хоць цьмяна, але застаўся ў памяці. Жыццё раскідала па свеце яе дзвюх сясцёр і двух братоў. У жывых – адзін брат Аляксандр, ён асеў у Падмаскоўі.

Люба апынулася ў дзіцячым доме. Да пэўнага часу жыла і падпарадкоўвалася яго жорсткім законам. Але потым не вытрымала. “Сцібрыла” метрыкі, села ў цягнік і паехала ў нікуды. У вагоне пад лаўку залезла. Халодная восень, а яна ў тонкай сукенцы і тапачках, прамерзла ўся, дрыжыць, як лісток. Жанчыны-пасажыркі заўважылі яе, далі адзенне, абагрэлі. Яны выходзілі на станцыі Патомная, і Люба разам выйшла. Куды ісці? Бачыць: удалечыні агеньчык свеціцца, пайшла на яго. Пастукалася ў дом, ёй адчынілі. Добрая гаспадыня дала ёй прытулак ажно на год. Люба гадавала яе маленькую дачку. А пазней гаспадыня адвяла дзяўчынку да суседзяў-яўрэяў. Там таксама давялося дзяцей гадаваць, але гаспадар потым дапамог Любе атрымаць пашпарт.

Дзяўчына ўжо была гатова да самастойнага жыцця. Паехала ў Ленінград, уладкавалася працаваць на суднабудаўнічым заводзе. Жыццё толькі стала наладжвацца, і тут – вайна!

Рабочая моладзь не ведала, што рабіць. Немцы бамбяць горад з самалётаў. Як ісці на работу? Любу і яе таварышаў размеркавалі ў ваенна-пажарны атрад унутраных войск, перад якім стаяла шмат задач: тушыць пажары, дапамагаць насельніцтву, змагацца з правакатарамі. Моладзь самааддана тушыла пажары, якія ўзнікалі час ад часу ў горадзе і за межамі ад варожых бамбёжак. Спачатку хоць і цяжка было, але трымаліся, бо была яда. Хутка запасы скончыліся, давалі па 250 г хлеба ў суткі, а потым усяго па 100 грамаў… Нясцерпна хацелася есці. Камандзір супакойваў, угаворваў: “Дзяўчаткі, цярпіце, як-небудзь выжывем”.

– Зімой мы засыналі ідучы, – успамінае Любоў Яўменаўна. – Галодныя, абяссіленыя, проста засыналі і падалі. Я двойчы ледзь не замерзла, камандзір па шчоках б’е: “Падымайся, памрэш!” А ў мяне сіл няма…

Жанчына ўзгадала, як дзяўчаты скураны стол “з’елі”. Знялі скуру, зварылі і з’елі.

– Камандзір зайшоў у пакой: “Дзяўчаты, дзе стол дзелі?” А мы адказваем: з’елі.

Выжывалі ўсе, як маглі. З-пад снегу выкопвалі капусту, турнепс, нейкія травы. Елі ўсё, што ўдавалася знайсці. Люба нічога не баялася, не хавалася ад бомбаў. У самую бамбёжку, бывала, лезла на дах дома. І Гасподзь яе бярог.

– І ў такі страшны час мы ўмелі марыць, – гаворыць Любоў Яўменаўна. – Верылі, што гэты жах калі-небудзь скончыцца. Бывала, ляжым і марым пра тое, як будзем жыць, калі скончыцца вайна.

Вясной моладзь паслалі ўбіраць горад… ад трупаў… Іх было процьма, грузілі на машыны і вывозілі. Люба, нібы акамянелая, таксама працавала. Здавалася, у душы ўсё выпалена, усе пачуцці сталі кавалкам лёду. Але пазней цяпло жыцця растапіла гэты лёд.

Пасля вайны Любоў накіравалі ў г. Тосна. Працавала ў сталовай, знайшла жыллё. Потым выйшла замуж, нарадзіла сыночка. Сямейнае жыццё, на жаль, не склалася. Адной маладой жанчыне цяжка было расціць сына, пераязджала з месца на месца, шукала, дзе лепш. Знаёмая жанчына прапанавала ёй паехаць у Беларусь, дзе жыла яе маці. Люба прыняла прапанову. Так яна і апынулася ў нашым горадзе.

Гады вайны не прайшлі бясследна.

Любоў Яўменаўна перанесла некалькі цяжкіх аперацый. Сіла духу былой дзетдомаўкі дапамагла справіцца з хваробамі. Жанчына заўсёды многа працавала: як на рабоце, так і дома. Яна ўдала трымае ў руках і пілу, і сякеру, і малаток. “Жыццё ўсяму навучыла!” – зазначае жанчына.

Шмат гадоў Любоў Яўменаўна прарабіла на заводзе “Аўтапровад”. Дарэчы, працоўную эстафету прадоўжыў яе сын, які больш за сорак год аддаў гэтаму прадпрыемству. Важна, што завадчане не забываюць сваіх ветэранаў, наведваюць іх на святы з падарункамі. Нягледзячы на паважаны ўзрост, мая гераіня жыве актыўна. Трывалую сувязь трымае з райсаветам ветэранаў і вельмі ўдзячна яго старшыні Э.С. Дзікевічу за клопат і ўвагу. Выказала жанчына ў размове падзяку і кіраўнікам раёна за тое, што шануюць ветэранаў, выконваюць усе іх просьбы.

– Не люблю я па бальнічных кабінетах хадзіць, але іншы раз даводзіцца, – прызнаецца Любоў Яўменаўна. Медсёстры і ўрачы мяне ведаюць, я ім заўсёды настрой падымаю. Дзякуй ім за ўсё – цярпенне, увагу, прафесіяналізм.

Між іншым, доктара Л.Я. Чудоўскую, што жыве на адной з ёю вуліцы, жанчына лічыць сваёй добрай апякункай і прыяцелькай.

У гародчыку за шматпавярхоўкай Любоў Яўменаўна адпачывае душой.

– Суседкі іншы раз пытаюцца: “Яўменаўна, з кім гэта ты размаўляеш?” А я з раслінамі сваімі, кветкамі люблю пагутарыць.

На пытанне, у чым сакрэт даўгалецця, Любоў адказала проста: “Трэба любіць жыццё!”.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *