Са шчырым сэрцам да адзінокіх пацыентаў Міхалішкаўскай участковай бальніцы

Традыцыйна актывісты Астравецкай раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” наведваюць аддзяленне сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы, каб сустрэцца з людзьмі, якія знаходзяцца тут, і падарыць ім радасць і добры настрой.

Гэтага візіту чакаюць і тыя, хто вымушаны гады праводзіць у казённых сценах, і тыя, хто імкнецца зрабіць жыццё састарэлых людзей хоць крышачку шчаслівейшым і больш радасным.

Напярэдадні Дня сталых людзей жанчыны пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук і старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч, а таксама варнянскія школьнікі і выхаванцы сацыяльнага прытулку ў чарговы раз наведалі аддзяленне сястрынскага догляду.

Гэта традыцыйная акцыя, якая праходзіць напярэдадні Вялікадня і Дня сталых людзей. Актывісты раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” набываюць невялікія падарункі, выхаванцы сацыяльнага прытулку сваімі рукамі робяць сувеніры – і мы едзем у Міхалішкі, – расказвае старшыня раённай арганізацыі ГА БСЖ Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч. – Мне здаецца, што мы робім добрую справу. Канешне, было б лепш, каб кожны з гэтых людзей жыў у сваім доме ці ў роднай сям’і, але, на жаль, не ва ўсіх ёсць такая магчымасць.

Заходзіш у палату, глядзіш у вочы гэтых людзей… Адны – шчаслівыя, другія – калючыя, але нават у такіх на імгненне загараюцца іскрынкі радасці, а трэція – пустыя, дзе няма нават надзеі… Кожнага пацыента жанчыны і дзеці вітаюць, дораць падарункі, стараюцца пагаварыць і сагрэць добрым словам…

Сёння ў аддзяленні сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы знаходзіцца 51 пацыент. Для кожнага з іх бальніца стала пастаянным месцам жыхарства – некаторыя тут жывуць ужо больш за 10 гадоў.

Стварыць хатнюю утульнасць не атрымаецца, у любым выпадку – гэта бальніца, – разважае яе загадчык Генрых Генрыхавіч Калтан. – Аднак для персанала пацыенты ўжо даўно сталі роднымі. І мы стараемся прадоўжыць жыццё гэтых людзей і зрабіць яго па магчымасці камфортным.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *