У гармоніі з прыродай і сабой — Таццяна Гарохава

gorohova-t-iВедаеце, дзе ў нашым горадзе распускаюцца самыя першыя вясновыя кветкі – ярка-аранжавыя крокусы? Калі вам даводзілася гэтай парой бываць каля гімназіі, вы не маглі не заўважыць прыгожыя першацветы. Пасля хмурнай халоднай зімы яны, нібы маленькія сонейкі, выпраменьваюць святло і сімвалізуюць жыццё, выклікаюць цёплыя ўсмешкі прахожых…

Крокусы з’явіліся каля гімназіі дзякуючы Таццяне Іванаўне Гарохавай, якой і належаць усе крэатыўныя «кветкавыя» ідэі. Знаёмцеся: яна – настаўніца нямецкай мовы гімназіі г. Шчучына, грамадскі эколаг Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, кіраўнік атрада валанцёраў «Экас» і проста цікавы чалавек, які многа вандруе, займаецца спортам і … вывучае царкоўнаславянскую мову. Дзякуючы яе захапленню ландшафтным дызайнам, а таксама супрацоўніцтву гімназіі з прадстаўнікамі Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі на тэрыторыі элітнай установы растуць сотні раслін, у тым ліку рэдкіх і экзатычных. Акрамя гэтага прозвішча Т.І. Гарохавай, як аднаго з лепшых работнікаў сістэмы адукацыі, занесена на раённую Дошку гонару.

– Таццяна Іванаўна, Вы – кіраўнік праекта па ландшафтным дызайне тэрыторыі гімназіі. Адкуль чэрпаеце свае ідэі?

– Кветкі – гэта маё хобі, якое прыносіць невыказнае душэўнае задавальненне. Я вырошчваю самыя розныя расліны. Але больш за ўсё люблю васількі. Гэта кветкі майго дзяцінства, маёй малой радзімы на Магілёўшчыне – самага прыгожага месца на зямлі. У мяне каля дома таксама растуць васількі. А яшчэ ружы, ліліі, цюльпаны… Якраз у той год, калі адчынялася гімназія, мая сядзіба была прызнана лепшай ў раённым конкурсе па ландшафтным дызайне і азеляненні. Калегі ведалі пра маё захапленне, таму і даручылі быць кіраўніком праекта. Канечне, справа гэта вельмі адказная – вынікі маёй работы ацэньваюць не толькі гімназісты і педагогі, але і ўсе шчучынцы і госці горада. Я чытаю многа спецыяльнай літаратуры, усюды, дзе бываю ў паездках, шукаю новыя ідэі, фатаграфую незвычайныя архітэктурныя формы. Ператвараючы ў жыццё свае ідэі, пераканалася ў адным – не трэба баяцца эксперыментаваць, толькі знаходзячыся ў пастаянным пошуку можна натрапіць на самае незвычайнае рашэнне.

– Як атрымалася, што Вы ўвайшлі ў тройку лепшых грамадскіх эколагаў рэспублікі?

– Па прапанове начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.В. Сушчэвіча я прыняла ўдзел у конкурсе, аб’яўленым Міністэрствам прыродных рэсурсаў. У выніку заняла трэцяе месца і атрымала пасведчанне грамадскага эколага. Шчыра прызнацца, ніколі не думала, што мне калі-небудзь прыйдзецца ім скарыстацца.

Мы вярталіся з Балгарыі, дзе адпачывалі пры манастыры. На тэрыторыі Украіны, калі аўтобус спыніўся на некалькі хвілін, не толькі дзеці, але і дарослыя сталі выкідваць у лесе назбіраныя за дарогу паперкі, пластыкавыя бутэлькі, пакеты. Безумоўна, я не магла сцярпець такога вар’яцтва і, прадэманстраваўшы сваё пасведчанне, патрабавала ўсё сабраць, а кіраўніку групы паабяцала, што іх турфірму за такія адносіны да прыроды пазбавяць ліцэнзіі. Мая пагроза спрацавала: усе дружна ачысцілі лясную тэрыторыю.

– Скажыце, а сваім вучням Вы прывіваеце любоў да прыроды?

– Безумоўна. Некалькі год таму я прымала ўдзел у міжнародных дыстанцыйных курсах “Галасы маладых”, па завяршэнні якіх стала каардынатарам праекта па стварэнні аўтарскіх відэаролікаў на экалагічную тэматыку. Свае медыя-прадукты мы з рабятамі з задавальненнем выкарыстоўваем на занятках. Мяне вельмі радуе, што ў спісе прыярытэтаў “ што трэба чалавеку для шчасця?” мае вучні на першае месца ставяць гармонію з прыродай.

Увогуле, я лічу, што самае важнае ў працэсе навучання – унутраная матывацыя: я раблю гэта таму, што я хачу гэта рабіць, таму што мне гэта цікава. А каб было цікава, дзейнасць павінна быць мнагаграннай. На ўроках мы вырэзваем, клеім, слухаем песні… Цяпер распачалі свой маленькі праект: кожны дзень глядзім дома які-небудзь фільм на замежнай мове. Спачатку дзеці скардзіліся, што амаль нічога не разумеюць, аднак цяпер гэтай праблемы больш няма. А для таго, каб лепш авалодаць нямецкай мовай, вучні перапісваюцца з яе носьбітамі – жыхарамі іншых краін.

– Таццяна Іванаўна, якім чынам Вы ўдасканальваеце сваё прафесійнае майстэрства?

– На працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці я цесна супрацоўнічаю з інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Выдатная падтрымка для мяне, як для настаўніка, – вучэбныя дапаможнікі, метадычныя матэрыялы, абмен вопытам, у тым ліку з калегамі з Германіі, неаднаразовы ўдзел у семінарах-практыкумах. Ужо тройчы я пабывала на стажыроўцы ў Германіі. Гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з новымі методыкамі, удасканаліць мову. У адну з паездак, калі трапіла на чытанні па экалагічнай тэматыцы, выпадак звёў мяне з вельмі цікавым чалавекам, які пэўны час узначальваў вядомую арганізацыю Greenpease. Цяпер ён на заслужаным адпачынку.

Дарэчы, летась адзін з маіх вучняў – дзесяцікласнік Аляксей Краўчанка за выдатнае выступленне на алімпіядзе па запрашэнні пасла амаль месяц жыў у Баварыі. Паколькі паездка адбылася ў жніўні, а гэта вучэбны месяц для нямецкіх школьнікаў, Лёша наведваў заняткі разам з дзецьмі сям’і, у якой ён жыў. Усім было цікава, адкуль ён прыехаў, паколькі Аляксей валодаў нямецкай мовай не горш за карэнных жыхароў.

Яшчэ адна мая вучаніца, цяпер студэнтка эканамічнага інстытута Маша Барысевіч, правяла месяц у Кёльне. Выдатнае веданне мовы, а Маша неаднойчы была пераможцай абласных этапаў алімпіяд, дазволіла дзяўчыне накіравацца ў Германію для ўдасканалення ведаў па сваёй будучай спецыяльнасці.

– Не раз на старонках газеты даводзілася расказваць пра Вашу валанцёрскую дзейнасць…

– Мае вучні прымаюць актыўны ўдзел у міжнародных інтэрнэт-праектах “Пасадзі дрэва”, “Цюльпаны і нарцысы”, у міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэў. За 10 год пры падтрымцы Шчучынскага лясгаса амаль дзесяць тысяч дрэўцаў папоўнілі зялёны фонд Шчучыншчыны. Валанцёрскі атрад гімназіі ўдзельнічаў у закладцы дэндрапарка лясгаса, у акцыях па азеляненні найбольш забруджанага ўчастка дарогі г.Шчучын – ст. Ражанка ў раёне аўтазапраўкі, уборцы берага гарадскога возера, ініцыяваў гарадскую акцыю “Дзень без аўтамабіля”, а таксама акцыю па вырабе сумак шматразовага выкарыстання “Старыя джынсы на ахову навакольнага асяроддзя”.

Я лічу, што займацца валанцёрскай дзейнасцю вельмі важна. Ад праваслаўнага Елісавецінскага манастыра, які размешчаны непадалёку ад Мінска, правяла месяц у Аўстрыі і Германіі. Дапамагала арганізоўваць выставы і рэкламаваць вырабы, якія ствараюць насельнікі манастыра. Убачыла на свае вочы, як можна рэальна дапамагаць хворым людзям, якіх так многа пад іх апекай. Насельнікі манастыра – людзі светлыя, шчырыя, з якімі хочацца размаўляць, вучыцца іх душэўнай шчодрасці. Мы ў мірскім жыцці такі мала дорым дабрыні…

– Ведаю, што ў Вас ёсць адно захапленне, з якім не развітваецеся са студэнцкіх гадоў…

– Так, гэта аэробіка. Маё захапленне з’явілася ў гады вучобы ў інстытуце замежных моў у Мінску, які я заканчвала. Тады нашы выкладчыкі ездзілі на спецыяльныя курсы ў Маскву, а затым праводзілі заняткі для студэнтаў. Цяпер я сама арганізавала групы: у гімназіі для педагогаў і на базе юных турыстаў. Мне хочацца дапамагчы жанчынам, каб заняткі спортам прынеслі рэальную карысць іх здароўю. Для гэтага чытаю многа літаратуры, раюся з прафесіяналамі. Аэробіка дапамагае падтрымліваць сябе ў выдатнай форме. Ніколі не прапаную сваім падапечным такіх рухаў і практыкаванняў, якіх не паспытала на сабе.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю…

– Мае дзеці, якімі я вельмі ганаруся, ужо дарослыя. Дачка Аляксандра закончыла факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. За перыяд студэнцтва год вучылася ў Амерыцы, затым паўгода – у Фінляндыі, а цяпер працуе ў кансалдынгавай кампаніі ў Мінску і вывучае бізнес-кансалдынг ў Аўстрыі. Здала экзамены на ўсе адзінкі – там гэта самая лепшая адзнака.

Сын Канстанцін заканчвае эканамічны факультэт БДУ, захапляецца таэкван-до. Адкрыў сваю фірму, якая супрацоўнічае з нарвежскімі кампаніямі.

Мае дзеці – гэта мае першыя дарадчыкі, з імі я раюся па любых пытаннях, яны мяне падтрымліваюць і дапамагаюць у самых розных сітуацыях.

– Таццяна Іванаўна, Вы – паспяховая жанчына, якой удалося поўнасцю рэалізаваць сябе. І ўсё ж чаго не хапае для поўнага шчасця?

– Думаю, мяне можна назваць шчаслівым чалавекам, таму што ў жыцці я займаюся тым, што мне па-сапраўднаму цікава. Я люблю дзяцей, люблю свой прадмет, жыву ў гармоніі з прыродай і ўмею ствараць прыгажосць з яе дароў. Мне пашанцавала працаваць у выдатным калектыве, без падтрымкі і дапамогі якога, безумоўна, я не змагла б настолькі рэалізаваць сябе.

Лічу, што павінна не толькі даць веды рабятам па сваім прадмеце, але і навучыць іх быць экалагічна дружалюбнымі, знаходзіць аднадумцаў, якія гатовы эканоміць энергію, змяншаць колькасць адходаў і раздзельна іх збіраць, праводзіць прафілактычную работу з тымі, хто наносіць шкоду прыродзе. Мы павінны захоўваць чысціню і прыгажосць на планеце, як вучыў Маленькі Прынц – герой Антуана дэ Сент Экзюперы.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *