ЁСЦЬ ПАМЯЦЬ, ЯКОЙ НЕ БУДЗЕ КАНЦА

Ніна Леанідаўна Котляр перамогу сустрэла ў званні гвардыі старшага  сяржанта. Узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалем “За мужнасць”, медалем “За перамогу над Германіяй” і юбілейнымі медалямі. Раніца 21 чэрвеня 1941 года была для Ніны Леанідаўны святочная. Яна скончыла школу, рыхтавалася да выпускнога балю. Марыла разам з равеснікамі па добрай традыцыі сустрэць світанак. Аднак святочны настрой, мары на будучае абарваў гул самалётаў. Так пачалася вайна для пятнаццацігадовай дзяўчынкі.

Нарадзілася яна на Магілёўшчыне. Так як тата быў афіцэрам, сям’я часта пераязджала. Жылі ў Заслаўлі, на Брэстчыне, тут і напаткала іх вайна. Тата служыў на мяжы, як пазней даведалася, загінуў у першыя дні. Сям’ю Котляр, як і многія іншыя сем’і ваеннаслужачых, эвакуіравалі праз Мінск, які палыхаў агнём. Выехалі ў Смаленскім накірунку, але перашкода – закончыўся бензін, патрэбна была і вада. Дзве дзяўчынкі і тры хлопцы  накіраваліся за вадой у суседнюю вёску, калі вярнуліся – ні машыны, ні людзей – адна глыбокая варонка. Падлеткі схаваліся ў лесе, дзе пазней  і сустрэліся з воінскай часцю, як аказалася з адной дывізіі, дзе служылі іх бацькі. Камандзір узяў падлеткаў пад сваю апеку. Дзяўчынкі былі санітаркамі, хлопцы дапамагамі перамяшчаць пушкі, зброю. Так прайшло некалькі месяцаў.

Эшалоны з раненымі ішлі на Усход, туды накіравалі і падлеткаў. Шлях доўгі, толькі тыдні праз тры-чатыры прыехалі на Урал. Тут іх памылі, накармілі і спаць палажылі на чыстую бялізну. Здавалася, лепей няма нічога на свеце.

Далей лёс накіраваў Ніну Леанідаўну ў горад Сухі Лог Свярдлоўскай вобласці. Атрымала размеркаванне на вучобу ў тэхнічнае вучылішча і адразу на працу на завод. Днём працавалі, вечарам вучыліся. Была токарам 5 разраду. У саракаградусныя маразы змазвалі абсталяванне, якое выпускалі і накіроўвалі на фронт.

Па звароту ЦК камсамолу да моладзі, якая павінна асвоіць адну з ваенных спецыяльнасцей. Ніна Леанідаўна стала вадзіцелем. Іх рыхтавалі адразу для адпраўкі на фронт. На той момант Ніне было ўсяго сямнаццаць гадоў.

Служыць пачынала пад горадам Хвалынскам, затым быў порт Бакарыца Архангельскай вобласці. Развозілі тэхніку, абсталяванне. Лінія фронту знаходзілася ў васьмідзеясяці кіламетрах. Ніна Леанідаўна была ўжо вопытным вадзіцелем. Таму пазней і задзейнічана была ў сур’ёзнай падрыхтоўцы да аперацыі ”Баграціён”. Сакрэтна, толькі ноччу, у цемры, нават не ўключалі бліжні свет, падвозілі тэхніку, пушкі, снарады.

У складзе 3-га Беларускага фронту Ніна Леанідаўна прымала ўдзел ў вызваленні Беларусі. Пачыналі з Віцебскага накірунку, так дайшлі да Мінска. Жудасна было бачыць, у што за гады вайны ператварылася родная Беларусь.

У час вызвалення Маладзечна Ніна Леанідаўна была цяжка паранена. Аперацыю рабілі ў Маскве. Доўгі час знаходзілася на лячэнні, але марыла вярнуцца на фронт. Камісавалі, вадзіцелем не дазволілі быць, накіраванне для далейшай службы атрымала ў артылерыйскі полк.

Перамогу Ніна Леанідаўна сустрэла ў Маладзечна.

 – Дзень перамогі нельга апісаць словамі, самы радасны дзень быў у кожнага. Большага шчасця не трэба было! – гаворыць Ніна Леанідаўна.

 У пасляваенны час жанчына працавала ў абласным упраўленні ў г. Маладзечна інспектарам крынімальнага вышуку па барацьбе з дзіцячай бездагляднасцю. Збіралі дзяцей вайны, афармлялі, размяркоўвалі па дзіцячых дамах.

Далей лёс закінуў у горад Іўе, дзе працавала сакратаром міліцыі, пазней начальнікам пашпартнага стала.

У Іўі Ніна Леанідаўна сустрэла каханне. У сям’і Котляр нарадзілася трое дзетак – дзве дзяўчынкі і хлопчык. Аднак шчасце было нядоўгім. Рана не стала мужа. Ніна Леанідаўна тады дала сабе слова, што дзяцям, як бы не было цяжка,  дасць адукацыю.

Зараз дачка Вера жыве ў Санкт-Пецярбурзе, сярэдняя Таццяна – у Навагрудку, працуе ў дзіцячым садку №7 медсястрой. А сын Леанід у свой час скончыў Ленінградскі суда-будаўнічы інстытут, працаваў намеснікам у ваенна-марскім вучылішчы. Зараз жыве і працуе ў Фінляндыі.

Ніна Леанідаўна багаты чалавек, у яе шэсць унукаў і дзесяць праўнукаў. Якое ж багацце больш патрэбна? Патрэбна толькі здароўе, каб радавацца дзецям, унукам, праўнукам.

Вольга Пісар, “Новае жыццё” (Навагрудак)

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *