ЮНАЦТВА ЎКРАЛА ВАЙНА

– З кожным годам усё цяжэй і цяжэй успамінаць перажытае ў гады вайны, – гаворыць Ядзвіга Станіславаўна Лябецкая. – Многае з перажытага проста не хочацца і ўспамінаць. Не хочацца нават і ўзгадваць тыя жудасныя дні. Хочацца іх проста выкрэсліць, але гэта немагчыма. Вайна прыйшла зусім нечакана і ўкрала юнацтва Ядзвігі Станіславаўны. Ёй толькі споўнілася сямнаццаць гадоў. З дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Аднак вайна ўнесла свае карэктывы ў планы дзяўчыны.

Нарадзілася і вырасла Ядзвіга Станіславаўна ў в. Свіраны (зараз Баранавіцкі раён). У сям’і Дэрман было тры дачкі. Самую старэйшую немцы растралялі ў пачатку вайны.

Да вайны жыхары вёсак вырошчвалі збожжа, кармілі вялікія сем’і. У гады вайны многія з іх пайшлі ў партызаны. На тэрыторыі Баранавіцскай вобласці дзейнічаў партызанскі атрад імя Панамарэнкі, які ўваходзіў у склад партызанскай брыгады імя Ракасоўскага. Ядзвіга Станіславаўна разам са сваім бацькай адразу дапамагалі партызанам прадуктамі харчавання, хавалі ў сваім доме ад немцаў партызанскіх разведчыкаў. Пазней дзяўчына стала сувязной у гэтым атрадзе. Днём была дома, а ноччу ішла ў лес да партызан. Інакш было нельга, бо расстралялі б усю сям’ю. Што засталася жывой нават і зараз не верыцца, бо смерць крочыла заўжды побач. – Кожны раз, калі атрымлівала новае заданне баялася, што яно будзе апошняе,– успамінае жанчына.

Аднойчы патрэбна было даставіць пісьмо ў суседнюю вёску да бургамістра. Бацька Станіслаў Іосіфавіч запрог сані і павёз дачку сам. Праязджаючы пасты, гаварыў немцам, што дзяўчына хворая на тыф. Пісьмо Ядзвіга Станіславаўна перадала бургамістру. Прачытаўшы, той сказаў, – Не хачу дзіцячай крыві на сваіх сівых валасах, уцякай хутчэй адсюль. Ядзвіга Станіславаўна схапіла пісьмо, як сведку таго, што была ў бургамістра, і наўцёкі. Пазней яна даведалася, што партызаны хацелі завербаваць яго на свой бок.

Пасля вызвалення Беларусі Ядзвіга Станіславаўна скончыла ў Баранавічах настаўніцкія курсы. І ў сваёй роднай вёсцы прыняла актыўны ўдзел у будоўлі новай школы і арганізацыі навучальнага працэсу. Аднойчы намеснік старшыні сельскага савета прыехаў правяраць школу і закахаўся ў маладую настаўніцу. Вяселля не было, толькі атрымалі бацькоўскае благаславенне. Затым абое вучыліся ў Мінску: муж у партыйнай школе, жонка – у педагагічным інтытуце. Пазней жылі і працавалі ў Свіслачы. Выхавалі дачку Таццяну, якая зараз жыве і працуе ўрачом педыятрам у г. Магілёве. А ў 1962 годзе лёс накіраваў сям’ю Лябецкіх у Навагрудак. Тут Ядзвіга Станіславаўна адразу ўзначальвала Навагрудскую моўную школу, а затым сярэднюю вячэрнюю. У 1968 годзе Я.С. Лябецкай было прысвоена званне “Заслужаны настаўнік БССР”.

Мы, маладое пакаленне, заўсёды будзем у неаплатным даўгу перад тымі, хто змагаўся ў партызанскіх атрадах, у акупіраваных гарадах і сёлах, у тыле. Памятаць пра мінулае, пра Перамогу – гэта даніна павагі нашым ветэранам вайны. Верыцца, што наша пакаленне не зазнае такой трагедыі і будзе цаніць мір, спакой, паважаць адзін аднаго.

Вольга Пісар, “Новае жыццё” (Навагрудак)

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *