“ЗАРАЗ СПАЦЬ НЕ МАГУ, УСЁ ЛЯТАЮ…”

Вайна нечакана ўнесла свае карэктывы ў планы маладой дзяўчыны, зараз ужо ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Ксеніі Іванаўны Сліжыкавай. 1 мая Ксенія Іванаўна адзначыць свой 97-мы дзень нараджэння. Сама яна родам з  Кубані са станіцы Кіеўскай. Там прайшло дзяцінства і юнацтва. У 1941 годзе дзяўчына вучылася на спецыяльных курсах, рыхтавалася да працы на нафтавых вышках. Аднак атрымала павестку, прайшла камісію і разам са сваёй сяброўкай Нінай адправілася на фронт. Адразу іх накіравалі ў Наварасійск, дзе на працягу двух тыдняў праходзілі падрыхтоўку. Пасля размеркавання сяброўкі трапілі служыць у 454-ы зенітна-артылерыйскі полк асноўнага запаснога дывізіёна 18-й арміі, камісарам гэтага палка быў Л.І. Брэжнеў. Уражанні ад убачанага па дарозе на фронт захаваліся на ўсё жыццё: па абодва бакі дарогі ляжалі загінуўшыя. Ад страху сяброўкі абняліся і заплакалі, тады і клятву далі: калі адна з іх загіне, то другая абавязкова паведаміць бацькам. Першае месца службы было на гары Чарапаха ў Наварасійску. Тут і атрымалі маладыя дзяўчаты баявое хрышчэнне.

Падчас размовы Ксенія Іванаўна ўспамінае пра службу на Сахарнай Галоўцы. Гэта гара над морам, дзе зямля як камень, капаць акопы было вельмі цяжка. Усе рукі былі ў мазалях, дапамагалі толькі кірка і лом. Сакрэтныя пасты стаялі праз 50 метраў. Дзяўчына была чацвёртым нумарам на прыборы кіравання артылерыйскім зенітным агнём, вызначала вышыню палёту самалётаў. Налёты здараліся вельмі часта. У час аднаго з іх загінула сяброўка Ніна. Не раз прыйшлося і Ксеніі Іванаўне сустрэцца са смерцю, якая быццам бы ганялася за дзяўчынай.

Вайна працягвалася. Батарэя сваім ходам накіравалася па ваеннай грузінскай дарозе, а затым на эшалоне ў Чачню і Паўночную Асецію.

З будучым мужам Аляксандрам Сліжыкавым пазнаёмілася на вайне: служылі ў адным палку. У час апошняй сустрэчы хлопец паабяцаў дзяўчыне знайсці яе, дзе б яна ні была. Затым Ксенію Іванаўну перавялі тэлефаністкай у Краснадар. Тут і сустрэла яна Перамогу.

Дома ж па дзяўчыне справілі памінкі. Атрымалася гэта таму, што ў час службы на Сахарнай Галоўцы яна згубіла дзённік, які яшчэ школьніцай запаўняла. Нехта знайшоў і перадаў родным, а тыя вырашылі, што дзяўчына загінула. Смерць увесь час крочыла побач з Ксеніяй Іванаўнай, але ёй суджана было жыць.

Шлях з вайны дадому быў доўгі. Па дарозе яе абакралі. Выкралі ўсё, у тым ліку і дакументы на ўзнагароды: медаль “За перамогу над Германіяй”, медаль “За абарону Каўказа”. Таму некаторы час жыла ў Палтаве, дзе працавала загадчыцай дзіцячага садка. Там Ксенія Іванаўна адраджала камсамол. Увесь час пісала лісты дадому, таму што нічога не ведала пра лёс сваіх родных. Радасны момант усё ж настаў – атрымала ліст ад бацькі, і адразу выехала дамоў. З бацькам сустрэлася ў Марыупалі, дзе той служыў, а затым паехала ў родную станіцу да маці і сястры.

У 1946 годзе дзяўчына паступіла на інструктарскае аддзяленне Краснадарскай гандлёва-кааператыўнай школы.

 Аляксандр Сліжыкаў таксама вярнуўся з вайны дадому. Хлопец родам быў з Віцебшчыны, з вёскі Крынкі, Лёзненскага раёна. Пасля таго, як дапамог маці пабудаваць дом, адразу паехаў за каханай на Кубань. У верасні 1946 года Ксенія Іванаўна пераехала жыць у Беларусь.

У сям’і Сліжыкавых нарадзілася чацвёра дзетак. Старэйшы сын Сяргей зараз жыве і працуе на Віцебшчыне, дачка Люба – у Петрапаўлаўску-Камчацкім, Аляксандр – у Наваполацку. А самая малодшая дачушка Наташа – у Навагрудку. – Наша сям’я вельмі вялікая і дружная, расказала Наталля Аляксандраўна Клімко. Мы заўсёды збіраемся разам, але сабраць усіх не так проста. Пасля смерці таты мама пераехала жыць у Наваполацк, адной цяжка было заставацца ў Крынках. Вось тады ўсе збіраліся ў брата Аляксандра. Затым яна жыла ў роднай станіцы – усе ехалі на Кубань. Мы заўсёды там, дзе мама.

Асабіста мяне ў час сустрэчы з Ксеніяй Іванаўнай уразіла яе памяць. Здавалася, што яна памятае кожны дзень свайго жыцця. Гартаючы сямейны альбом, расказвала пра кожнага з дзяцей, унукаў, праўнукаў. Падзялілася жанчына і тым, што зараз ёй па начах не спіцца, яна ўвесь час лятае: то да аднаго сына ў госці, то да другога, то да дачкі на Камчатку.

Вольга Пісар, “Новае жыццё” (Навагрудак)

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *