Жыццё, вартае чалавека

Напэўна, жыццё чалавека можна параўнаць з лісточкам, які адарваўся ад дрэва і, аддаўшыся ў палон ветру, ляціць туды, куды нясе яго лёс. Бездапаможны, ён можа толькі спадзявацца на тое, што калі-небудзь знойдзе свой прытулак. Магчыма, так і жывуць людзі… Але толькі не яна…Простая сціплая  жанчына, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны  Валянціна Цітаўна Ярохіна, якая сёння жыве ў Астравецкім раёне.   У яе жыцці была і барацьба за кусок хлеба, за права жыць і выжываць, барацьба за сваю душу, за права быць чалавекам. І якім чалавекам! Яркім, пазітыўным, актыўным, чулым, шчырым. Менавіта такой ведаюць Валянціну Цітаўну.

  • Маё жыццё – гэта цэлы летапіс. Куды толькі не закідваў мяне лёс… КЛІМАВІЧЫ —

Мая мама  —  Шкуратава Анастасія Нікіцічна – усё жыццё працавала санітаркай у бальніцы, бацька – Шкуратаў Ціт Іванавіч – працаваў у лясніцтве. У сям’і нас было трое: сястра Зіна (1925 г.),малодшы брат  Коля (1931 г.) і я, 1927 года нараджэння. На той час, калі ў сям’і з’явіліся дзеці, мы жылі ў горадзе Клімавічы Магілёўскай вобласці – гэта першы жыццёвы прыпынак, які я ўзгадваю з пяшчотай, бо тут я нарадзілася, сказала першае слова, тут у мяне было многа сяброў. Жылі шчасліва, бо ў сям’і панавалі ўзаемаразуменне, давер і згода. Дзеці падрасталі,  вучыліся, ва ўсім мы дапамагалі бацькам.

          Я пайшла ў школу ў 1934 годзе. Закончыла 7 класаў, планавала вучыцца далей, але марам не суджана было спраўдзіцца: пачалася вайна…, страшная, жахлівая, крывавая, галодная, якая прынесла шмат перамен у жыццё.

          Калі пачалася вайна, мне было 14 гадоў, на фронт мяне не ўзялі. А так хацелася, падобна маці, быць карыснай людзям. У 1944 годзе, калі мне ўжо споўнілася 17, я дабравольна запісалася на курсы малодшых лейтэнантаў 2-га Беларускага фронта. З 01.05.1944 па 01.08.1944 і з 24.08.1944 па 09.05.1944 год уваходзіла ў склад дзеючай арміі. Затым працавала ў госпіталі, даглядала раненых.  Тут я і сустрэла Дзень Перамогі. Па сямейных абставінах у 1945 годзе была звольнена са службы.

 – АРМАВІР – СОЧЫ

 Пачаліся мірныя гады, але няпростыя. Лёс закінуў мяне ў горад Армавір, які размяшчаецца на ўсходзе Краснадарскага краю Расіі. Тут я працавала пасля звальнення з арміі, тут сустрэла і сваё асабістае шчасце. У 1953 годзе выйшла замуж за казака Ярохіна Уладзіміра Аляксеевіча, які быў родам з Кубані. У гады  вайны служыў яфрэйтарам, а пасля вайны працаваў у порце ў г.Сочы.

 Менавіта горад Сочы стаў маім наступным жыццёвым прыпынкам. Тут, на беразе мора, прайшлі лепшыя гады жыцця. Наша з Валодзем каханне  было вельмі прыгожым і моцным. 40 гадоў аддалі адзін аднаму нашы любячыя сэрцы. Але сямейнаму шчасцю не хапала толькі дзяцей, аб чым вельмі шкадавала, ды і зараз шкадую.. Трое ненароджаных дзетак — самы вялікі боль у жыцці жанчыны. Усе тры цяжарнасці заканчваліся заўчаснымі родамі. Мамай так і не давялося мне стаць. Затое кожнае лета да мяне прыязджалі мае пляменнікі. Мы з мужам заўсёды гасцінна сустракалі дарагіх сэрцу гасцей.

ВІЦЕБСК – ДЗІРМУНЫ…

Пасля смерці мужа пляменніца (дачка старэйшай сястры Зінаіды) прапанавала пераехаць мне зноў у Беларусь, так як у Сочы  была зусім адна. Так я апынулася ў Віцебску, дзе і пражывала да 2019 года. Але і гэты прыпынак аказаўся часовым. Адзінота і тут застала мяне. Ды і гады не тыя, каб самастойна спраўляцца з жыццёвымі абставінамі. На дапамогу прыйшоў яшчэ адзін родны чалавек, пляменнік Шкуратаў Леанід – сын малодшага брата Мікалая, які жыве на Астравеччыне ў вёсцы Дзірмуны. Ён і яго жонка вельмі цёпла сустрэлі мяне на Астравецкай зямлі, агарнулі  любоўю і пяшчотай. А што яшчэ мне трэба!?

-На рабоце мяне называлі “Харэ”, таму што я не ведала слова “Не”. Не магла людзям і кіраўніцтву адмовіць у дапамозе або просьбе і гаварыла заўсёды з усмешкай “Харэ! Харэ!”, гэта значыць “Добра”. Па жыцці я заўсёды ішла з адным прынцыпам: цярпенне. Цярпенне да жаццёвых абставін, цярпенне да людзей і да іх недахопаў, цярпенне ў працы і тады ўсё будзе “харэ”. Усё павінна быць добра, бо дабро, зробленае камусьці, абавязкова вяртаецца.

Нядаўна Валянціне Цітаўне споўнілася 92 гады. Яна ўдзячна лёсу, што на яе жыццёвым шляху сустракаліся добрыя людзі, якія дапамаглі пераадолець многія жыццёвыя выпрабаванні.

Для Астравеччыны імя Ярохінай Валянціны Цітаўны новае, але памяць аб яшчэ адным сведку тых жудасных часоў, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, у маладых сэрцах павінна жыць. Абавязкова будзе жыць! Бо не можа прайсці бясследна жыццё, вартае чалавека.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *