Может ли в несчастливой семье вырасти счастливый ребенок

Па ініцыятыве старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталлі Баніцэвіч напярэдадні Дня маці ў рэдакцыі «Астравецкай праўды» правялі  круглы стол, прысвечаны такому простаму і ўсеабдымнаму паняццю як мацярынскае шчасце.  Але чым больш паглыбляліся ў тэму, тым больш станавілася зразумела, што шчасце маці – гэта перш за ўсё шчасце яе дзяцей. Менавіта пра яго мы і вырашылі пагутарыць за круглым сталом, запрасіўшы да ўдзелу ў размове, акрамя Наталлі Баніцэвіч, маці дачкі-студэнткі, старшыню раённага Савета дэпутатаў, маці дарослай дачкі і бабулю двух унукаў Ірыну Тальчук; ветэрана медыцынскай працы, маці чатырох сыноў  Вікторыю Шышло; маці-выхавацеля дома сямейнага тыпу, якая выхоўвае 13 дзяцей, Наталлю Сінкевіч; дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра, маці дзвюх дачок Таццяну Калтан; псіхолага, маці сына і дачкі Юлію Ражко.

Аднак шчасце маці і яе дзяцей немагчыма ўявіць без сапраўднага мужчыны і бацькі – і таму мы папрасілі прыняць удзел у размове прыватнага прадпрымальніка, які робіць дзіцячыя цацкі, бацьку траіх сыноў Дзмітрыя Івашэнку і трэнера па боксу дзіцячай спартыўнай школы, бацьку дваіх сыноў Аляксея Маргужа.

Вядучай стала  Ніна Рыбік.

 

Ніна Рыбік:

– Калі спытаць у кожнага з прысутных,  у чым яны бачаць сваё асабістае шчасце, то ўпэўнена, што кожны калі не першым, то трэцім ці пятым пунктам назаве шчасце сваіх дзяцей. Але як вы яго разумееце? У чым бачыце шчасце сваіх дзяцей?

Ірына Тальчук:

– Калі становішся мамай, а потым яшчэ і бабуляй, то з кожным новым момантам жыцця з’яўляюцца новыя пачуцці і новае разуменне многіх рэчаў. Калі ў мяне з’явіўся першы ўнук, мы з зяцем жартам змагаліся, чакаючы, якое ж слова ён скажа першым – «баба» ці «тата». А Ромка сказаў «мама».  І гэта, напэўна, правільна: ва ўсім свеце слова «мама» – самае першае і самае галоўнае.

Канешне, для кожнай маці шчасце заключаецца ў яе дзецях, а потым і ва ўнуках. Для мяне шчасце, калі мае мары ўвасабляюцца ў дзецях і ўнуках. Да прыкладу, я любіла спорт – валейбол, баскетбол і цяпер  з задавальненнем назіраю, як старэйшы ўнук займаецца футболам, плаваннем, танцамі. Яму сем гадоў, ён пакуль сябе не знайшоў – хай шукае і спрабуе ўсё, што можна.

Вікторыя Шышло:

– Пакуль малады, шчасце ўяўляецца зусім па-іншаму: каханне, рыцар на белым кані, нешта яшчэ рамантычна-ўзнёслае… Мы ўсе некуды спяшаемся, дума­ючы перш за ўсё пра сябе: работа, асабістыя перажыванні… Часам на дзяцей не хапае часу. А з гадамі прыходзіць разуменне, што галоўнае шчасце для кожнай маці – гэта шчасце яе дзяцей. Яно ў тым, каб дзеці былі запатрабаваны, мелі добрую  прафесію, стварылі свае сем’і і маглі іх забяспечыць.

Цяпер у бацькоў больш магчымасцей і часу займацца дзецьмі. А калі я нарадзіла першага сына, дэкрэтны адпачынак доўжыўся паўтара месяца. Час быў такі. Трэба было працаваць, бо работа – гэта магчымасць утрымліваць сям’ю. Старэйшага сына я ў шэсць месяцаў аддала ў дзіцячы садок, хоць у такім узросце яшчэ не прымалі. Угаварылі неяк…

З гадамі прыходзіць адчуванне віны: трэба было больш часу ўдзяляць дзецям. Я ім вельмі ўдзячна, як яны без натацый, без асаблівага майго ўдзелу выраслі дастойнымі людзьмі. Калі Валянцін ужо вучыўся ў ваенным вучылішчы, а Марат толькі паступіў у медыцынскі інстытут, я неяк спытала ў іх: «Скажыце, вам хацелася хутчэй вырвацца з дому?»  Старэйшы адказаў за дваіх: «Не, ніколі». Я не паверыла – абстаноўка ў сям’і тады была складаная, і сынам, усім чацвярым, хапала перажыванняў. Але сын дадаў: «У нас жа яшчэ былі дзядуля і бабуля». І тады я зразумела, што ён не хлусіць: мае бацька і маці, светлая ім памяць, укладвалі ў дзяцей тое, што не магла, не паспявала я. Добра, калі ёсць дзядуля і бабуля – гэта нават у паспяховай сям’і дапаўняе фарміраванне асобы дзяцей.

 Аляксей Маргуж:

– Раней здавалася, што найперш трэба максімальна забяспечыць іх усім неабходным.

А цяпер разумееш: галоўнае, каб дзеці зразумелі, што яны  не самі па сабе, а частка сям’і. Хочацца, каб яны сталі нармальнымі людзьмі.

І, напэўна, усе бацькі хочуць, каб іх дзецям шанцавала ў жыцці, каб з імі справядліва абыходзіліся, не крыўдзілі беспадстаўна…

 Наталля Сінкевіч:

– Так, вядома, шчасце маці ў тым, каб былі шчаслівыя яе дзеці. Але ў кожнага з іх – сваё шчасце. Некаму для гэтага патрэбен новы мабільнік, а для адной з маіх дачок дастаткова прыгожыя хвосцікі завязаць – і яна ўжо шчаслівая!

Хоць увогуле, размаўляючы са старэйшымі дзецьмі, я зразумела, што ім вельмі не хапае стасункаў з бацькамі. Дзецям так хочацца нешта рабіць разам з намі, некуды пайсці, трымаючыся за рукі, проста пагаварыць!

Хоць увогуле для мяне самае галоўнае – каб дзеці былі здаровыя, гэта ўжо шчасце. І, вядома, каб яны знайшлі сваё месца ў жыцці.

 Дзмітрый Івашэнка:

– Галоўнае для дзяцей – гэта знайсці сябе. Я ў гэтым перакананы, таму што вельмі доўга шукаў сябе. І толькі пасля таго, як знайшоў, зразумеў, што стаў шчаслівым чалавекам. Калі мае дзеці знойдуць сябе хутка – яны стануць шчаслівымі раней.

 Наталля Баніцэвіч:

– У мяне адзіная дачка. І хоць я нарадзіла яе ў іншы час, чым Вікторыя Феліцыянаўна, на працу таксама выйшла, калі Аліне было толькі два месяцы. Пакідала яе ў манежы, паміж урокамі прыбягала, карміла… І мне таксама вялікую дапамогу аказвалі бацькі, бабулі і дзядулі. Але дачка вырасла самастойным і адказным чалавекам. Я вельмі шчаслівая мама. Мы з Алінай – сяброўкі, яна давярае мне самыя патаемныя дзявочыя сакрэты.

 Юлія Ражко:

– Я раней таксама лічыла, што галоўнае для шчасця маці – каб дзеці былі здаровымі. А цяпер глыбока пераканана, што іх трэба вучыць быць шчаслівымі. Усё, з чым яны затым ідуць па жыцці, дзеці бяруць з сям’і. Таму бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці былі шчаслівымі, павінны сваім прыкладам вучыць іх гэтаму.

 Ніна Рыбік:

– Вы лічыце, што ў не­шчас­лівых бацькоў не можа быць шчаслівых дзяцей?

 Дзмітрый Івашэнка: 

– Канешне, не можа! Выключэнне – можа адзін выпадак на мільён!

 Юлія Ражко:

– Выключэнні, канешне, бываюць, але рэдка. Я імкнуся максімальна быць шчаслівай – каб дзеці бачылі, як гэта і што гэта. Трэба жыць у згодзе са сваімі пачуццямі. Ад нас часта патрабуюць таго, што адпавядае нейкім агульнапрынятым канонам: рабі тое, не рабі гэтага, што людзі скажуць, як падумаюць. І нікога не турбуе, што пры гэтым адчувае чалавек.

 Таццяна Калтан:

– Шчасце бацькоў і дзяцей непа­рыўнае. Дзеці будуць шчаслівыя, калі ёсць любоў і прывязанасць у сям’і, калі яны адчуваюць падтрымку бацькоў, калі шчасце жыве ў іх доме і ўнутры іх саміх. Ад гэтага яны становяцца ўпэўненымі ў сабе  і маюць сілы для самарэалізацыі.

Я таксама з катэгорыі мам-«працагалічак», з-за сваёй за­нятасці мала часу ўдзяляла дзецям. Але ад гэтага дочкі не сталі горшымі. Цяпер старэйшая, якой 23 гады, таксама ўся ў працы, у яе штотыднёвік распісаны на тыдзень наперад. І мяне гэта радуе!

 Ніна Рыбік:

– Зразумела, што бацькам хочацца ганарыцца сваімі дзецьмі, іх поспехамі, хочацца, каб яны былі першымі, лепшымі. Але што важней, на ваш погляд: быць паспяховым – ці шчаслівым?

 Дзмітрый Івашэнка:

– Я зараз вам пакажу фота – зра­біў, нібыта ведаў, што спатрэбіцца. Вось выстава малюнкаў вучняў першага класа. І знайдзіце тут хоць адзін, зроблены дзіцячай рукой. Іх няма! Усё гэта намалявалі мамы, таты, добрыя бабулі і дзядулі – хто заўгодна, толькі не вучні першага класа. Для чаго? Каб работа дзіцяці была лепшай!

З той жа «оперы»: у мінулым го­дзе на дзіцячым конкурсе калядных жэзлаў лепшай была прызнана работа другакласніка, якая па аб’ёме – два квадратныя метры. Гэта як? Бацькі, вядома, будуць усім сваім знаёмым расказваць, які ў іх сын ці дачушка малайчына. Але ёсць тут падстава для гонару?

Так, бацькі хочуць ганарыцца сваімі дзецьмі. Але гэта не гонар, а гардыня ў чыстым выглядзе, якая з’яўляецца першым і галоўным са смяротных грахоў чалавека.

 Юлія Ражко:

– Дзмітрый, вы залішне катэгарычны. Можа, яны разам працавалі – і тым былі шчаслівыя?

 Дзмітрый Івашэнка:

– У нас у дзяцінстве таксама былі конкурсы, але каб бацькі нам калі-небудзь дапамаглі! У іх сваіх клопатаў было вышэй галавы. А зараз, выходзіць, усе бацькі вольныя. Асабліва мамы.

 Ірына Тальчук:

– Напэўна, не варта абагульняць – не ўсе так робяць.

 Дзмітрый Івашэнка:

 – Так, не ўсе: на выставе было 16 «бацькоўскіх» работ, а вучняў у класе 21.

 Ірына Тальчук:

– Хай гэта застанецца на сумленні журы. Грамадства мяняецца, і мы ўсе мяняемся. І не хочацца, каб нашы дзеці паўтаралі нашы памылкі.

 Дзмітрый Івашэнка:

– Ведаеце, я, вытворца дзіця­чых цацак, з усёй адказнасцю заяўляю, што цацкі дзецям не патрэбны. Для іх бульбіна, камень, каструля, лыжка, апалонік – цацкі. Яны змогуць зрабіць цацку з усяго, што возьмуць у рукі. А цацкі патрэбны не дзецям, а іх бацькам.

 Вікторыя Шышло:

– У тыя рэдкія хвіліны, калі я магла займацца дзецьмі, мне трэба было нешта рабіць па дому. Скажам, накрываю стол на кухні і прашу сына: «Прынясі лыжку. А цяпер яшчэ адну. І тры відэльцы. Палічы, колькі ты прынёс?» Так мы да пяці гадоў ужо навучыліся лічыць. Лыжкі, талеркі, відэльцы – гэта і былі іх цацкі.

 Ніна Рыбік:

– Тым не менш, я ведаю дарослых, якія выраслі з крыўдай на лёс, што ў іх у дзяцінстве не было такой цацкі, як у суседскага дзіцяці. Тата купляе сыну машынку, таму што сам пра яе марыў…

 Юлія Ражко:

– Для многіх дзяцей цацкі – гэта як праяўленне любові. Калі пытаеш у дзяцей, як яны адчуваюць бацькоўскую любоў, яны часцей за ўсё адказваюць: «Яны купляюць мне цацкі».

 Ніна Рыбік:

– Сёння прагучала думка: толь­кі ў шчаслівых людзей могуць быць шчаслівыя дзеці. А калі сям’я няпоўная – ці можна вырасціць шчаслівых дзяцей? І што рабіць, калі сям’я поўная – але шчасцем там і не пахне? Многія жанчыны стаяць перад дылемай: што лепш – захоўваць ілюзію поўнай сям’і ці выхоўваць дзіця адной?

 Вікторыя Шышло:

– Я вырасла ў сям’і рэпрэ­сіраваных, нарадзілася і да 12 гадоў жыла на Урале, у лагеры, які ссыльныя беларусы пабудавалі самі для сябе ў зоне вечнай мерзлаты. Бацькі я, можна сказаць, не ведала: ён, як і ўсе мужчыны, увесь час быў недзе на лесапавале. А ў пасёлку жылі толькі жанчыны і дзеці. Але, мне здаецца, мама ўсё роўна была шчаслівая, яна ўвесь час малілася за бацьку – і мы не адчувалі сябе сіротамі. Нас у сям’і чацвёра. Калі я была ўжо дарослая, мама прызналася, што столькі разоў была з бацькам, колькі мае дзяцей.

У мяне ж шчаслівай сям’і не атрымалася. Муж мяне кінуў, калі ў нас было ўжо двое дзяцей. Потым вярнуўся, я нарадзіла двайнят – і ён зноў пайшоў з сям’і. Вядома, перажывала я моцна – і цяпер разумею, што на сынах усё гэта адбілася. Думаю, псіхолагі пацвердзяць: тое, што перажыло дзіця ў раннім узросце, яно будзе перажываць неаднойчы. І ці зможа падавіць гэта ў сваёй падсвядомасці – невядома.

Дзмітрый Івашэнка:

– Я  на гэтую тэму магу разважаць толькі тэарэтычна, бо ў нас ва ўсіх поўныя сем‘і. Але многія сучасныя таты – гэта нейкія інфузорыі туфлікі, куча, якая расцяклася па канапе, не хачу гаварыць чаго, бо ўсё роўна выкрасліце. Такія бацькі, я лічу, прыносяць больш шкоды, чым карысці. Іншы раз яго адсутнасць лепш уплывае на дзіця, чым прысутнасць.

Дзеці прагна паглынаюць інфар­мацыю, прычым пачуццямі нават больш, чым вачыма ці вушамі. Да прыкладу, учора ў нас узнікла складаная рабочая сітуацыя, атмасфера была настолькі наэлектрызавана, што не тое што сякеру – табурэт можна было павесіць. І хоць мы не сварыліся, не высвятлялі адносін, дзеці, усе трое, ператварыліся ў тры камячкі. Калі яшчэ можна дапусціць, што старэйшыя, шасці- і дзевяцігадовы, маглі нешта здагадацца па абрыўках фраз, то малодшаму паўтара гады – што ён можа разумець?  А ён ператварыўся ў атамнае дзіця, якое крычыць круглыя суткі без перапынку.

А сёння сітуацыя вырашылася – і ўсё цудоўна! Нібы і не было ўчарашняга шалёнага дня.

Юлія Ражко:

– Я лічу, што нешчаслівая сям’я для дзіцяці горш, чым няпоўная. Тым больш, што бацька можа заў­сёды прымаць удзел у выхаван­ні дзяцей. Калі ён шчаслівы ў ін­шай сям’і, то зможа нашмат больш даць дзецям.

Са сваёй практыкі магу сказаць, што калі ў сям’і нешта не так, то дзеці могуць нават захварэць. Хоць пры гэтым знешне можа быць усё прыстойна: муж і жонка не высвятляюць адносіны пры дзіцяці – яны проста маўчаць. Але энергетыка схаванага канфлікту  вісіць у паветры, і  для дзяцей гэта цяжкая псіхалагічная траўма. Па маіх назіраннях, усе праблемы з паводзінамі дзяцей да шасці-сямі гадоў адбываюцца, як правіла, з-за траўміруючай сітуацыі ў сям’і.

 Таццяна Калтан:

 – Для мяне адказ на гэтае пытанне адназначны: шырма сям’і, за якой – спрэчкі, разлад, канфлікты, дзе дзеці застаюцца без увагі бацькоў, – гэта горш, чым сям’я няпоўная, але там пануюць любоў, падтрымка, і дзеці адчуваюць увагу і клопат.  Як любоў бывае рознай, так і сям’я – галоўнае, каб дзеці не заставаліся па-за межамі бацькоўскай увагі.

  Наталля Сінкевіч:

– Псіхалагічныя траўмы, якія дзеці атрымліваюць у дзяцінстве, уплываюць на іх усё жыццё. Хоць і імкнешся іх адагрэць, з часам праблемы вылазяць. У хвіліны шчырасці мае прыёмныя дзеці расказваюць проста страшныя рэчы, якія адбываліся ў іх сем’ях, – такое не забываецца. Канешне ж, мы імкнёмся, каб яны зразумелі, што тыя жахі скончыліся, што цяпер у іх ёсць цёплы дом, сям’я, любячыя бацькі. Для мяне галоўнае, што мае дзеці пасля школы бягуць дахаты – значыць, ім добра дома. У адной з маіх дочак была сяброўка, якая пасля школы заўсёды прыходзіла да нас  і казала, што не хоча ісці дахаты. Гэта, я лічу, ужо сігнал.

  Ніна Рыбік: 

– Думаю, усе бачаць, што апошнім часам працэс выхавання ўсё больш фемінізуецца: жанчыны займаюцца дзецьмі дома, яны сустракаюць іх у дзіцячых садках і складаюць пераважную большасць настаўнікаў  у школе…

  Дзмітрый Івашэнка:

– А што застаецца рабіць, калі мужыкі ляжаць на канапе перад тэлевізарам ці са смартфонам у руках?

  Ніна Рыбік:

– Але многія абвінавачваюць у гэтым жанчын: маўляў, захапілі ўладу ў свае рукі…

  Дзмітрый Івашэнка:

– Можа, і так. Але я не думаю, што толькі ў гэтым справа і ўсё так адназначна. Па маім перакананні, адсутнасць вялікіх узрушэнняў і войнаў такім чынам адбілася на мужчынскім выхаванні. Ну няма дзе мужчыне прымяніць сваю існасць: паляванне ў яго фактычна адабралі, рыбалку – таксама. Што яму яшчэ рабіць? Не ўсім жа хочацца морды адзін аднаму квасіць. Вось і ляжаць на канапе, глядзяць серыялы, дзе гэта робяць іншыя.

  Юлія Ражко:

– Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць мужчын на клуб бацькоў, які я збіраю ў сваім цэнтры развіцця асобы «Інсайт». Здараецца, што ў мужчын ёсць жаданне быць бліжэй да сваіх дзяцей, жонкі, але не хапае разумення, як гэта лепш зрабіць, і ўмення. Мы дапаможам.

  Дзмітрый Івашэнка:

– Між іншым, у скандынаўскіх краінах аплачваемы адпачынак па доглядзе дзіцяці дзеліцца пароўну паміж бацькам і маці. І бацька яшчэ павінен здаць экзамен, каб даказаць, што ўмее абыходзіцца з малым, – інакш ён не атрымае выплату. Можа, і нам варта пераняць гэты вопыт?

  Аляксей Маргуж:

– Мужчына не возьмецца з ніадкуль – яго трэба гадаваць, выхоўваць. Хлопчыкам трэба дазваляць нешта сапсаваць, разбіць – ім трэба ўсё паспрабаваць. Але асноўнае ў мужчыне – гэта ўменне прыняць рашэнне і адказваць за яго. А так што ж: апрануў штаны – і ўжо мужык?

Тым не менш, сыноў у спартыўныя секцыі  прыводзяць мамы, не таты. Значыць, мамы хочуць выхаваць з іх мужчын.

Але, па праўдзе кажучы, хлопчыкі зараз такія ранімыя, пяшчотныя, што выхаваць з іх спартсмена, знайсці асобу, якая гатова працаваць на вынік, вельмі цяжка – амаль немагчыма.

  Вікторыя Шышло:

– У мяне, як ужо гаварылася, чатыры сыны, і расціла я іх без станоўчага вопыту бацькі. Спар­тыўных секцый у той час было ня­шмат. Але яны былі ўвесь час занятыя, дапамагалі мне па гаспадарцы – інакш я б не справілася. Усе хатнія справы былі на іх: абед гатавалі, хату прыбіралі, бялізну мянялі і ў пральню адносілі. Хто да чаго больш здатны, той тым і займаўся. І яны выйшлі ў жыццё, усё ўмеючы, – і зараз усё гэта робяць.

  Ніна Рыбік: 

– У нашым календары ёсць свята – Дзень маці. Як вы адносіцеся да таго, каб увялі і Дзень бацькі?

  Дзмітрый Івашэнка: 

– А навошта? Я лічу, што сучасныя бацькі такога свята не заслужылі.

  Наталля Баніцэвіч:

– І адзначаць яго будуць не сапраўдныя бацькі, а тыя, каму няважна, якое свята, абы была нагода. У нас жа і 23 лютага адзначаюць тыя, хто не служыў у арміі.

  Ірына Тальчук:

– Дзень маці, як вы памятаеце, адзначаецца ў вялікае пра­васлаўнае свята Пакровы Прасвятой Багародзіцы. У хрысціянскім календары ўвогуле шмат святаў, прысвечаных Маці Божай, – а вось падобнага мужчынскага няма. То, можа, і не варта? Я лічу, што дастаткова для нашых мужчын і Дня абаронцаў Айчыны, які адзначаецца вельмі шырока і стаў, па сутнасці, днём мужчын.

  Юлія Ражко:

– А я лічу, што такое свята варта было б увесці – дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да праблемы, пра якую мы гаварылі вышэй, – недахопу мужчынскага выхавання. Мне здаецца, што для гэтага нават варта павысіць зарплаты мужчынам-педагогам, каб іх у школах было як мага больш.

  Аляксей Маргуж:

– Вяртаць у школу мужчын такім чынам, як прапаноўвае Юлія Альбінаўна,  можна і варта. А ў тым, што патрэбен такі дзень у календары, – моцна сумняваюся.

  Ніна Рыбік:

– Мы ўсе адначасова і бацькі, і дзеці. Якія ўрокі выхавання са свайго дзяцінства дапамагаюць вам выхоўваць уласных дзяцей? Ці наадварот – чаго вы імкнецеся пазбегнуць?

 Наталля Баніцэвіч:

– Я выхоўвалася ў сям’і, дзе панавалі ўзаемаразуменне, давер, шчырасць, адкрытасць, і мне здавалася, што ўсе жывуць менавіта так і інакш проста быць не можа.

На жаль, перанесці гэта на сваю сям’ю ў мяне не атрымалася – нешта я, напэўна, упусціла на нейкім этапе…

  Наталля Сінкевіч:

– У нас з мамай былі даверлівыя адносіны, я заўсёды магла ёй расказаць, хто мяне праводзіў з дыскатэкі, пацалаваліся мы ці не – і гэта нармальна ўспрымалася. Мне вельмі хацелася, каб такі ж узаемны давер у мяне быў з маімі дзецьмі. І радуюся, што мы са старэйшымі дзяўчынкамі – сяброўкі: яны не баяцца расказаць, хто ім напісаў запіску ці праводзіў дахаты. Канешне, дыстанцыя «дарослы-дзіця» павінна быць, але вельмі важна захаваць даверлівыя адносіны.

  Вікторыя Шышло:

– Мама ў нас была строгая – ды ў тых абставінах і немагчыма было інакш. Дзякуючы гэтаму мы, дзеці, усе чацвёра, і выжылі. І як толькі нам дазволілі вярнуцца дахаты, бацькі зрабілі плот, пасадзілі нас – і мы спускаліся з вярхоўяў Камы да першай чыгуначнай станцыі, каб вярнуцца на радзіму, у Беларусь.

Выхоўвалі нас у працы, абавязкаў у кожнага з дзяцей было шмат. Але мамінай пяшчоты, ласкі мы не бачылі – не да таго ёй было. Таму я старалася даць гэта сваім дзецям, бо разумела: матчына любоў – галоўнае, што ім патрэбна.

  Ірына Тальчук: 

– Мы з братам таксама выраслі ў няпоўнай сям’і – бацька трагічна загінуў, і мама выхоўвала нас адна. Але ніякіх працэсаў выхавання я не памятаю. Мама дапазна была на рабоце, а ў нас з братам – ён на пяць гадоў маладзейшы – існаваў падзел абавязкаў. Я, напрыклад, ведала, што перш, чым пайсці на трэніроўку, павінна зварыць суп. І мама заўсёды ведала, дзе я, з кім і калі вярнуся.

Нам з братам хацелася зрабіць маму шчаслівай. Замуж яна не выйшла, жыццё прысвяціла нам. Мы разумелі, што ёй было цяжка: зарплата невялікая, двое дзяцей. Але мы з братам атрымалі вышэйшую адукацыю. Мама цяпер жыве са мной, а Дзіма абавязкова як мінімум два разы на дзень ёй тэлефануе. Хочацца спадзявацца, што мы з братам сваю мару ажыццявілі і наша мама шчаслівая.

А ў адносінах да сваёй дачкі і ўнукаў я ведаю толькі адзін, самы галоўны сакрэт выхавання: дзяцей трэба любіць. Абсалютна і безумоўна!

  Таццяна Калтан:

– У нас у сям’і ўсё дзялілася пароўну, хай то хатнія абавязкі ці адна шакаладная цукерка, якая разразалася на чатыры кавалачкі – для нас з сястрой і мамы з татам.  Такога, што вы – дзеткі, і вам самае лёгкае і смачнае, не было.

І я лічу вялікім шчасцем, што зараз мы ўсе жывём у Варнянах, і гэтыя ўрокі бацькоўскага выхавання прыўнеслі ў свае сем’і.  Мы і цяпер усё дзелім пароўну, толькі сям’я ўжо большая. І з цукеркамі няма праблем.

  Юлія Ражко:

– Мне ніколі  нічога не забаранялі, я прайшла праз усе секцыі, гурткі, магла адно кінуць і пачаць другое. Я лічыла – і бацькі мяне ў гэтым падтрымлівалі, – што павінна паспрабаваць усё ў дзяцінстве. А як інакш зразумець, да чаго ты здатны, што табе па душы?

А яшчэ запомнілася, як з татам гулялі ў розныя гульні: карты, нарды,  ачко. І я зараз стараюся з дзецьмі гуляць, бо ў гульні адбываюцца непасрэдныя эмацыянальныя стасункі.

  Дзмітрый Івашэнка:

– Урокі выхавання з дзяцінства – гэта сумесная праца, якая дзялілася паміж усімі членамі сям’і прапарцыянальна ўзросту: малы куранят корміць, старэйшы свінням нясе.

А больш за ўсё мне з дзяцінства запомніліся словы дзеда: ці рабі добра – ці не бярыся зусім. Цяпер я спрабую ўкласці гэта сваім дзецям. Але цяжка. Калі дзеці кідаюць на палове шляху тое, што пачынаюць, мяне гэта выводзіць з сябе. Калі зрабіў, але атрымалася дрэнна – гэта не страшна. Горш, калі пачаў і кінуў.

Але атрымліваецца дысананс паміж выхаваннем у школе і ў нашай сям’і. Я лічу, што ў нас вельмі інфантыльнае грамадства, уседаруючае і ўседазваляючае. Зараз кожнае дзіця – гэта нейкі бог, што стаіць на п’едэстале. А ў нас у сям’і не так. Да прыкладу, у старэйшага сына ў адзінага ў класе няма мабільніка – ён вучыцца ў чацвёртым. Ён яшчэ ў мінулым годзе спытаў: мы што, самыя бедныя? Стары тэлефон, па якім можна толькі званіць, ён браць не жадае – хоча такі, як у аднакласнікаў, смартфон. А я лічу, што такі яму пакуль без патрэбы. Вось і атрымліваецца канфлікт паміж выхаваннем у сям’і і ў грамадстве.

  Ніна Рыбік:

– Чаму самаму галоўнаму трэба навучыць дзяцей, каб адпусціць іх у дарослае жыццё з усведамленнем: я зрабіў усё, што мог?

  Аляксей Маргуж: 

– Галоўнае – не нанесці шкоды. Дзіця не павінна быць агрэсіўным.

  Наталля Баніцэвіч:

– Дачка прыслала віншавальную паштоўку з цёплымі словамі і прызнаннем, што я – галоўны чалавек у яе жыцці. Значыць, нечаму я яе навучыла…

  Дзмітрый Івашэнка: 

– Я стараюся ўкласці ў галовы сваіх сыноў разуменне таго, што іх свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Хоць часам складана растлумачыць, у чым гэтая чужая свабода заключаецца.

  Наталля Сінкевіч:

– Навучыць можна толькі сваім прыкладам. Гэта як у той гісторыі, калі сын пытае ў бацькі, куды падзеўся дзед, а той адказвае, што адвёз яго ў дом састарэлых. «Ты напішы мне адрас гэтага дома, – просіць сын. – Мне ж таксама давядзецца туды цябе адвезці, як ты пастарэеш». Як мы адносімся да людзей, так і нашы дзеці будуць адносіцца да іх і да нас. Мне, напрыклад, было радасна і прыемна, калі адна з маіх дачок, Дзіяна, выдзеленыя ёй 9 Мая грошы на забавы ў лесапарку, аддала за прадукты, якія незнаёмая бабуля хацела купіць, але ёй не хапала наяўнасці. Напэўна,  я выхоўвала дачку не дарэмна – хоць, магчыма, ёй і цяжка будзе жыць з такім добрым сэрцам.

  Вікторыя Шышло:

– Галоўнае – выхаваць у дзецях унутраную годнасць. І каб яны пранеслі яе праз усё жыццё.

  Юлія Ражко:

– Трэба навучыць дзяцей любіць сябе. Нават не любіць – бо гэта больш пасіўнае: вось я сяджу дома і люблю сябе, і не магу зразумець, чаму ж мяне, такую харошую, не заўважаюць і не цэняць?  А клапаціцца пра сябе, бо гэта азначае рабіць усё, каб быць такой, якой я хачу. І разумець свае пачуцці. Бо калі чалавек не разу­мее свае пачуцці, то не ведае, чаго хоча, што можа зрабіць яго шчаслівым.

  Таццяна Калтан:

– Навучыць іх быць адказнымі людзьмі.

  Ірына Тальчук:

– Каб яны былі добрымі, чалавечнымі, як кажуць на Астравеччыне – людскімі.

  Ніна Рыбік:

– «Май дзеці – і шчасце ў дзецях», – часта паўтарала некалі мая матуля. І я вам і ўсім нашым чы­тачам жадаю быць шчаслівымі ў сваіх дзецях і ўнуках. Напэўна, гэта ўсё ж галоўны складнік і маця­рынскага, і бацькоўскага шчасця.

Поделитесь этой новостью!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *